2013-12-25 12:26:06

Святы Айцец: Езус – гэта Любоў, якая стала целам


RealAudioMP3 Езус – гэта Любоў, якая стала целам. Ён не проста настаўнік мудрасці ці ідэал, якога намагаемся дасягнуць і ад якога знаходзімся далёка, але сэнс жыцця і гісторыі, які паставіў свой намёт сярод нас. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да вернікаў падчас св. Імшы ў вігілію Божага Нараджэння вечарам 24 снежня 2013 г.. Пантыфік пачаў сваю гамілію каментуючы словы прарока Ісаі: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае”. Паводле Святога Айца, тут гаворка ідзе не пра сентыментальны ці эмацыйны факт, але пра глыбокую рэальнасць: мы з’яўляемся народам, які крочыць, а вакол нас, таксама як і ўнутры нас, ёсць цемра і святло. На думку Папы, словы прарока Ісаі скіроўваюць да разважання над двума таямніцамі: руху і бачання. Рух, паводле Францішка, з’яўляецца характэрнай рысай хрысціянскай ідэнтычнасці, бо вызнаўцы Хрыста – пілігрымы да абяцанай зямлі. На гэтым шляху, разам з імі заўсёды крочыць Езус, які застаецца верным, у той час як народ перажывае моманты цемры і святла, паслухмянасці і паўстання; моманты народа пілігрымуючага і блукаючага.

Падобна адбываецца і ў нашай асабістай гісторыі, падкрэсліў Папа. Калі любім Бога і братоў, крочым у святле, але калі наша сэрца закрываецца, у нас пераважаюць пыха, хлуслівасць, пошук уласнай выгады, тады ўнутр і вакол нас уваходзіць цемра. “Хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы” (1 Ян 2,11), нагадаў Папа словы евангеліста Яна.

Пантыфік нагадаў, што першымі ўбачылі “намёт” Пана, атрымалі вестку пра яго нараджэнне, пастухі – тыя, якія сярод людзей былі апошнімі. Яны былі першымі, таму што чувалі ў ноччы, вартуючы свой статак, сказаў Францішак і заклікаў разам з імі спыніцца ў цішыні перад Дзіцяткам Езусам сузіраючы Яго ў цішыні і праслаўляючы Бога за гэты дар.

“У гэту ноч падзелімся радасцю Евангелля: Бог нас любіць, любіць настолькі, што падарыў сваго Сына як нашага брата, як святло сярод цемры. Пан паўтарае: “Не бойцеся!”. Таксама і я паўтараю: Не бойцеся! Наш Айцец цярплівы, любіць нас, падарыў нам Езуса, каб весці па дарозе да абяцанай зямлі”, - заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.