2013-12-24 13:09:16

Святы Айцец запаліць святло супакою


RealAudioMP3 Вечарам 24 снежня 2013 г. папа Францішак з вакна Апостальскага палацу, запаліць святло супакою. Гэтым жэстам па-традыцыі закончыцца цырымонія ўрачыстага адкрыцця ясляў на плошчы св. Пятра. Яе ўзначаліць кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Джузэпэ Бэртэла, а музычнае суправаджэнне забяспечыць ватыканскі аркестр, які разам з дзіцячым хорам выканае шэраг святочных кампазіцый. Кардынал Анджэла Камастры, архіпрэзбітэр ватыканскай базылікі, узначаліць кароткае малітоўнае чуванне. У мерапрыемстве прымуць удзел, між іншых, прадстаўнікі дыяцэзіі Неапаль і дабрачынцы, якія дапамаглі з узвядзеннем стаенкі. Сёлета, яна была пабудавана ў неапалітанскай традыцыі. Яе назва “Францішак 1223 - Францішак 2013” нагадае пра сувязь паміж сучасным Пантыфікам і св. Францішкам Асізкім, які жыў у XIII ст. і лічыцца ініцыятарам стварэння першых у гісторыі ясляў на свята Божага Нараджэння.

Сцэну нараджэння Хрыста аздабляюць фігуры шаснаццаці пастухоў, вышынёй да 2 метраў, апранутых у вопратку, характэрную для неапалітанскай традыцыі XVIII ст. Апроч традыцыйных вобразаў, у кампазіцыі выкарыстаны фігуры беднага чалавека, пажылой жанчыны і цыганкі, якая каецца перад дзіцяткам Езусам. Фонам з'яўляецца скалістая мясцовасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.