2013-12-21 13:57:05

Член Рады кардыналаў: у Касцёле патрэбна культура дэбатаў


RealAudioMP3 Член Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам бачыць у каталіцкім асяроддзі патрэбу ў абнаўленні культуры дэбатаў. Падставай для выказвання кардынала Рэйнхарда Маркса стала адрозненне пазіцый арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, і нямецкіх біскупаў у пытанні католікаў, якія развяліся і затым уступілі ў новыя саюзы. Кардынал Маркс параўнаў сітуацыю ў Касцёле з сям’ёй, дзе таксама здараюцца спрэчкі і кожны можа застацца пры сваім меркаванні. “Мы павінны гэтаму вучыцца”, - адзначыў арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі і нагадаў словы папы Францішка аб тым, што трэба ўмець слухаць адзін аднаго. Кардынал звязвае “высокія чаканні” з пазачарговай сесіяй Сіноду Біскупаў у 2014 г., хоць, на яго думку, не будзе лёгка спалучыць розныя плыні ў Касцёле.

Адказваючы на пытанне аб унутранай арганізацыі Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, кардынал Маркс паведаміў, што працоўнай мовай васьміасабовай групы з’яўляецца італьянская. Таму ён павінен сур’ёзна асвяжыць свае моўныя навыкі.

Падчас выніковай прэс-канферэнцыі ў Мюнхене 20 снежня 2013 г. кардынал Маркс адзначыў, што папа Францішак “не медыя стратэг, які дакладна плануе сваю пазіцыю”, як магло б выдавацца на першы погляд. Пантыфік не заінвеставаў “ні капейкі” у нейкіх спецыяльных дарадчыкаў. Ён проста робіць так, як думае, што будзе правільна, дадаў нямецкі іерарх. Паводле яго, Францішак хоча ісці наперад і выйсці на новы ўзровень, але гаворка дакладна не ідзе пра стварэнне новага Касцёла. На гэтым шляху Папа ўважліва глядзіць на сваіх папярэднікаў. Яго пантыфікат няправільна інтэрпрэтаваць палітычна, як быццам бы ў Касцёле толькі змянілася кіраўніцтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.