2013-12-20 13:38:14

Прапаведнік Папскага дома: хто не жадае прыняць бедных, не ў поўнай меры прымае Хрыста


RealAudioMP3 Беднасці у таямніцы Уцелаўлення прысвяціў сваё трэцяе адвэнтавае казанне прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса 20 снежня 2013 г. На ім прысутнічаў Святы Айцец. Той, хто не жадае прыняць бедных, не ў поўнай меры прымае Хрыста, сказаў капуцын, спасылаючыся на св. Францішка Асізскага. Недастаткова ведаць, што Бог стаў чалавекам, важна ведаць, якім чалавекам ён стаў, сказаў прапаведнік і дадаў, што Хрыстус стаў бедным, прыніжаным і пакутуючым. Невыпадкова, нагадаў айцец Канталамеса, Ян XXIII у кантэксце ІІ Ватыканскага Сабору казаў пра “Касцёл бедных”, “у некаторым сэнсе, усіх беднякоў свету”, ахрышчаных ці не. Іх беднасць – гэта цярпенне, - дадаў капуцын, - гэта іх хрост крывёй”.

Адсюль вынікае, што Папа, Вікарый Хрыста, з’яўляецца сапраўдным “бацькам бедных”, пастырам гэтай велізарнай паствы, адзначыў законнік і дадаў, што ўвесь Касцёл з радасцю глядзіць на тое, што цяперашні Папа прыняў гэта глыбока да сэрца. Сённяшнія беднякі знаходзяцца “ззаду экранаў тэлевізараў”, на іх не звяртае ўвагі сённяшні свет. Слова “бедныя” з’яўляецца правакацыйным у багатых краінах.

Як “плачам і пратэстуем” з нагоды дзяцей, якія не маюць магчымасці нарадзіцца, або састарэлых, хворых, якіх хочуць забіць праз эўтаназію, таксама мы павінны зрабіць “для мільёнаў дзяцей, народжаных і асуджаных на смерць голадам, хваробамі”, лічыць прапаведнік Папскага дома. Ён узгадаў у гэтым шэрагу дзяцей, “вымушаных ісці на вайну і забіваць для інтарэсаў, незнаёмых нам у багатых краінах”, і пажылых людзей, якія паміраюць ад холаду ці проста кінутыя на волю лёсу”. Лякарства на гэтыя з’явы – пераадоленне абыякавасці і неадчувальнасці.

Любіць бедных, азначае, перш за ўсё, “паважаць і прызнаваць іх годнасць”, сказаў айцец Канталамеса, бо ў іх “свеціць яркае святло радыкальнай годнасці чалавечай асобы”. Але бедны, сказаў ён, “заслугоўваюць не толькі нашага жалю, але і нашага захаплення”, яны – “сапраўдныя чэмпіёны чалавецтва”. Як вучыў св. Францішак – “яны нашы браты”. Таму, сказаў на заканчэнне айцец Канталамеса, “мы не павінны дазволіць нашаму нячыстаму сумленню падахвочваць нас здзяйсняць велізарную несправядлівасць пазбаўляючы Добрай Навіны тых, хто першы яе атрымаў – “шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.







All the contents on this site are copyrighted ©.