2013-12-19 11:36:49

Папа: пакора супраць бясплоднасці


RealAudioMP3 Пакора неабходна для плённасці, менавіта яна супрацьстаіць “бясплоднасці нашага жыцця”, адзначыў Святы Айцец 19 снежня 2013 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі. Ён нагадаў, што ў Бібліі мы чытаем пра бясплодных жанчын, якім Бог затым дае дар жыцця, і прывёў прыклад Альжбеты, маці Яна Хрысціцеля. “Ад немагчымасці даць жыццё, - сказаў Папа - зыходзіць жыццё”. Бясплоднасць, паводле яго, звязана з яшчэ адной з’явай – “адсутнасцю надзеі жыцця”. “Пан уваходзіць у жыццё гэтых жанчын, каб сказаць нам: “Я ў стане даць жыццё”, - заўважыў Святы Айцец. Прарокі выкарыстоўвалі сімвал пустыні, каб апісаць бясплоднасць, нагадаў ён. Пустынная земля не ў стане вырасціць дрэва, даць плён, даць нешта. Але пустыня, - кажуць прарокі - будзе квітнець. Так і бясплодная жанчына можа нарадзіць, і гэта абяцанне Пана, падкрэсліў Пантыфік дадаючы, што Бог з засухі нашага жыцця можа вырасціць збаўленне. І збаўленне, удакладніў Папа, заключаецца ва “умяшанні Бога, Які робіць нас плённымі і дае нам магчымасць даць жыццё”.

Але што чалавек можа і павінен рабіць са свайго боку? – задаўся пытаннем Францішак. Па-першае, “прызнаць сваю сухасць, няздольнасць нарадзіць”. Па-другое, “прасіць: “Пане, я хачу быць плённым. Я хачу, каб маё жыццё давала жыццё, каб мая вера была плённай, перадавалася далей і ўдзялялася іншым”, - адказаў ён. І гэта, на яго думку, павінна быць малітвай у перыяд чакання Божага Нараджэння.

Многія, - заўважыў Папа - якія думаюць, што могуць рабіць усё самі – бедныя, бо нічога не атрымаюць. Таму менавіта пакора неабходна для плённасці. Трэба вялікай пакоры, каб прызнацца Богу ў сваёй “сухасці”. Толькі ў такім выпадку Ён зможа спаслаць ласку нашай пустыні “квітнець, прыносіць ​​плён і даваць жыццё”, - адзначыў Пантыфік падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты.







All the contents on this site are copyrighted ©.