2013-12-19 13:37:19

Аўстрыйскі кардынал: Папа ўстанавіў высокую планку для Касцёла


RealAudioMP3 Папа Францішак паставіў Касцёл перад радыкальным пытаннем, ці дастаткова ён жыве для бедных, заявіў кардынал Крыстаф Шонборн падчас адвэнтавай сустрэчы з журналістамі ў Вене 18 снежня 2013 г. “Папа ўстанавіў планку для Касцёла высока”, - сказаў іерарх. Ён выкарыстоўвае мову, “якой не было чуваць у Касцёле з часоў св. Францішка”, і заявы, якія ніяк не можна назваць проста рыторыкай. Папа звяртае ўвагу, што Касцёл забыўся пра бедных. Мы прызвычаіліся да мірской духоўнасці, пераплеценай з рэлігійнымі практыкаваннямі, бясплённымі пасяджэннямі і пустымі прамовамі, спаслаўся кардынал на новую адгартацыю Пантыфіка. На думку арцыбіскупа Венскага, гэта тычыцца не толькі Касцёла, але і еўрапейскага грамадства, асабліва яго адносін да мігрантаў і бежанцаў.

Да шчодрасці адносна бедных Францішак заклікае не толькі словамі, але і сваімі паступкамі і жэстамі, якія падмацоўвае яго медыяльная сіла, адзначыў іерарх. Ён прывёў прыклад візіту Папы на італьянскі востраў Лампедуза і пастаяннае выкарыстанне невялікага аўтамабіля, які быў добра бачны на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. “Самым маленькім аўтамабілем у картэжы транспартных сродкаў службы бяспекі быў тады маленькі “Fiat” Папы”, - нагадаў кардынал Шонборн.

Усе гэтыя жэсты не робяцца для медыяльнага эфекту. Для Францішка гэта ўсё з’яўляецца звычайным і, такім чынам, заслугоўвае даверу. “Папа робіць гэта з лёгкасцю. Ён вялікі лідэр, які слухае і прымае парады, але затым сам усё вырашае. “У гэтым яго сіла”, - лічыць кардынал Шонборн.







All the contents on this site are copyrighted ©.