2013-12-18 10:37:41

Папа падчас агульнай аўдыенцыі пра сэнс і глыбіню Божага Нараджэння


RealAudioMP3 Разважанню над сэнсам Божага Нараджэння прысвяціў 18 снежня 2013 г. сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі папа Францішак. На думку Святога Айца, вельмі дарэчы ў апошнія дні Адвэнту задумацца над глыбінёй падзеі, якая перавярнула гісторыю чалавецтва. Ён назваў Божае Нараджэнне “святам веры і надзеі, якія перавышаюць нявызначанасць і песімізм”. І прычына гэтай надзеі, нагадаў Папа, у разуменні, што “з намі Бог” і што Ён давярае нам сябе. “Бог прыходзіць, каб жыць з людзьмі, выбіраючы Зямлю сваім домам, каб быць разам з чалавекам і апынуцца там, дзе чалавек праводзіць свае дні ў радасці і ў болю. Такім чынам, зямля ўжо не проста “даліна слёз”, але месца, дзе сам Бог паставіў свой намёт, месца сустрэчы паміж Богам і чалавекам, месца Божай салідарнасці з людзьмі”, - сказаў Пантыфік. Але, паводле Святога Айца, “ёсць нешта яшчэ больш здзіўляючае”. “Прысутнасць Бога сярод чалавецтва не была рэалізавана ў ідэальным свеце, ідылічным, але ў гэтым рэальным свеце, адзначаным падзеламі, злом, беднасцю, прыгнётам і войнамі. Ён абраў жыццё ў нашай гісторыі, такой, якой яна ёсць, з усім цяжарам яе абмежаванняў і драмы. Пры гэтым дэманструючы непераўзыдзеным чынам сваю міласэрнаю прыхільнасць і поўню любові да людзей. Ён ёсць Бог-з-намі”, - адзначыў Папа.

На думку Францішка, з Нараджэння Езуса зыходзіць “духоўная энергія”, якая дапамагае нам не патануць у нашых праблемах, роспачы, смутку, “таму што гэта энергія, “якая грэе і змяняе сэрца”. Божае Нараджэнне, нагадаў ён, прыносіць чалавеку цудоўную навіну, што мы любімыя Богам “непераўзыдзена і індывідуальна”.

З радаснага сузірання таямніцы Сына Божага, народжанага для нас, паводле Пантыфіка, мы можам зрабіць дзве высновы. Па-першае, тое, што ў Божым Нараджэнні Бог раскрывае сябе не як таго, хто пануе над Сусветам, але як таго, хто зніжаецца, зыходзіць на зямлю маленькім і бедным, азначае для нас, што каб быць падобнымі на Яго, мы не павінны ставіць сябе над іншымі, але служыць ім і не пакідаць іх у адзіноце. Па-другое, калі Бог праз Езуса становіцца адным з нас, гэта азначае, што ўсё, што мы робім для брата і сястры, робім для Яго. Хто адпрэчвае, забываецца, ігнаруе аднаго з самых маленькіх і самых бедных, будзе аддалены і адкінуты самім Богам, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў даверыцца мацярынскаму заступніцтву Марыі, Маці Езуса і нашай, каб яна дапамагла кожнаму падчас “гэтага Святога Божага Нараджэння” прызнаць у бліжнім, асабліва ў асобах найбольш уразлівых і маргіналізаваных, вобраз Сына Божага, які стаў чалавекам.







All the contents on this site are copyrighted ©.