2013-12-18 12:17:28

Ватыканскі дыпламат пра сувязь паміж хрысціянствам і свабодай


RealAudioMP3 Канцэпцыя правоў чалавека мае свае арыгінальныя карані ў раннім хрысціянстве, падкрэсліў сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці падчас міжнароднай канферэнцыі ў Папскім універсітэта “Urbaniana” у Рыме, паведамляе 18 снежня 2013 г. фонд “Pro Oriente”. Канферэнцыя пад назвай “Хрысціянства і рэлігія: гістарычныя і бягучыя перспектывы” была арганізавана вашынгтонскім Джорджтаўнскім універсітэтам.

Сувязь паміж хрысціянствам і свабодай – вельмі “арыгінальная і глыбокая”, сказаў арцыбіскуп Мамбэрці. Яе карані – у навучанні Хрыста. Гэта падкрэсліваў і св. Павел. Калі ён казаў, што “Хрыстус вызваліў нас да свабоды”, меў на ўвазе таксама наступствы гэтага для грамадства. Менавіта з Міланскім эдыктам, 1700- годдзе якога адзначаецца сёлета, канфэпцыя, сфармуляваная св. Паўлам, аб унутранай свабодзе грамадства, была рэалізавана, лічыць ватыканскі дыпламат. Пагадненне азначала пачатак працэсу, які сфарміраваў гісторыю Еўропы і свету. Гэты працэс у канчатковым выніку прывёў да вызначэння правоў чалавека і прызнання рэлігійнай свабоды як “першага і арыгінальнага права чалавека”. Імператар Канстанцін убачыў, што рост імперыі быў заснаваны на магчымасці кожнага грамадзяніна вызнаваць сваю рэлігію свабодна.

Вядома, заўважыў арцыбіскуп Мамбэрці, тэрмін “свабода” інтэрпрэтуецца па-рознаму. Ён можа разумецца як адсутнасць прымусу. Але рэлігійная свабода можа таксама азначаць суіснаванне розуму і веры і, такім чынам, быць апорай супраць рэлятывізму і рэлігійнага фундаменталізму.

Іерарх заўважыў, што ІІ Ватыканскі сабор Дэкларацыяй аб рэлігійнай свабодзе (“Dignitatis Humanae”) не імкнуўся абвясціць новую дактрыну ў гэтым пытанні, але паставіў у цэнтр агульначалавечы досвед пошуку ісціны. Менавіта у гэтым пошуку, лічыць арцыбіскуп Мамбэрці, рэалізуецца магчымасць разумнага ажыццяўлення свабоды.







All the contents on this site are copyrighted ©.