2013-12-17 13:28:58

Арцыбіскуп Кандрусевіч падзяліўся планамі на наступны год і падвёў вынікі адыходзячага


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл у Беларусі распачынае наступную душпастырскую праграму ў краіне – падрыхтоўку да святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Гэту дату ў Паўсюдным Касцёле будуць адзначаць у 2017 г. Менавіта сто гадоў таму, каля партугальскага горада Фаціма тром дзецям некалькі разоў аб’явілася Маці Божая і прамовіла прароцтвы. Яе словы, як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тычыліся таксама краін Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі. Марыя прадказала навяртанне Расіі да Бога. Яна заклікала да малітвы і пакаяння. Мы сёння з’яўляемся сведкамі здзяйснення гэтага прароцтва. Таму святкаванне юбілею фацімскіх аб’яўленняў – вельмі важная духоўная падзея для краіны, падрыхтоўка да якой будзе маштабнай, адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

“Гэтыя тры гады будуць прысвечаны наступным тэмам: 2014 – Год малітвы, 2015 – Год пакаяння, 2016 – Год надзеі, каб такім чынам падрыхтавацца годна да гэтай вялікай падзеі. Хацелася б таксама ў гэты юбілейны год, або падчас падрыхтоўкі, зрабіць перэгрынацыю фігуры Маці Божай з Фацімы па парафіях Беларусі. Упэўнены, што гэта была б добрая духоўная падзея, духоўныя рэкалекцыі для вернікаў”, - адзначыў Мітрапаліт. Такая перэгрынацыя ўжо аднойчы адбывалася па каталіцкіх парафіях Беларусі ў 1997 г.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, падчас перадсвяточнай сустрэчы з журналістамі, якая адбылася 17 снежня 2013 г. у Мінску, прыадчыніў некаторыя планы на 2014 г. і падвёў вынікі года адыходзячага. 2013 г. быў для Каталіцкага Касцёла вельмі насычаным. Перш за ўсё, гэта год новага Папы. Святы Айцец Францішак быў абраны ў сакавіку і адразу здолеў заваяваць любоў людзей ва ўсім свеце, бо вельмі проста і зразумела размаўляе з кожным чалавекам. Хутка з’явілася і яго першая энцыкліка, у якой Пантыфік заклікаў распаліць нанова агонь веры і адказваць на выклікі сучаснасці.

Што тычыцца Беларусі, летам быў урачыста адсвяткаваны юбілей 400-годдзя прыбыцця абраза Маці Божай у Будслаў. З гэтай нагоды краіну наведаў і папскі пасланнік кардынал Жан-Луі Таран. Сапраўднай сенсацыяй стала прызначэнне папам Францішкам трох новых біскупаў для Касцёла ў Беларусі. Апошняе біскупскае пасвячэнне адбылося ў краіне 14 гадоў таму. Нагадаў іерарх і аб цікавай спартыўнай падзеі – у лютым Беларусь упершыню прыме VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, у якім возьмуць удзел 14 краін.

Паведаміў Мітрапаліт і аб асаблівасцях святкавання надыходзячага Божага Нараджэння. Ён нагадаў, што святочная св. Імша, якая будзе трансліравацца ў прамым эфіры “1 каналам” 24 снежня вечарам, пройдзе сёлета ў касцёле св. Сымона і св. Алены.

Святочная сустрэча Мітрапаліта Кандрусевіча з журналістамі завяршылася пажаданнямі радасных святаў і традыцыйным ламаннем аплаткай.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.