2013-12-16 11:16:21

Святы Айцец пра “экуменізм крыві”, ролю жанчын у Касцёле і палітыку


RealAudioMP3 Папа Францішак у абліччы пераследу і насілля ў адносінах да хрысціян ва ўсім свеце лічыць адзінства хрысціянскіх Цэркваў адной са сваіх найважнейшых задач. “Для мяне гэта – экуменічны прыярытэт”, - сказаў ён у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”. У цяперашні час існуе “экуменізм крыві”. “У некаторых краінах забіваюць хрысціян, таму што яны носяць крыж або маюць Біблію. І перш, чым іх забіць, іх не пытаюцца, хто яны: англікане, католікі, лютэране або праваслаўныя. Кроў змешваецца”, - сказаў Святы Айцец. Хрысціяне розных канфесій ужо аб’ядналіся ў гэтых пакутах, нават калі яны яшчэ не паспелі зрабіць неабходныя крокі да набліжэння, бо гэты час, магчыма, яшчэ не надышоў. Праваслаўных лідэраў, з якімі Пантыфік сустрэўся ў апошнія некалькі месяцаў, ён разглядае як братоў. “Гэта боль, што мы яшчэ не можам цэлебраваць Эўхарыстыю разам, але сяброўства існуе”, - адзначыў папа Францішак. Працаваць разам і маліцца за адзінства – гэта той шлях, лічыць ён, якім трэба ісці.

Інтэрв’ю доўжылася паўтары гадзіны, на працягу якіх Пантыфік звярнуўся да праблемы пакут дзяцей і драмы голаду ў свеце, пытання сужэнства і сям’і, што будзе ў цэнтр наступнага Сінода Біскупаў.

Сваё інтэрв’ю Святы Айцец пачаў з разважанняў аб сэнсе Божага Нараджэння. Для Папы Божае Нараджэнне – гэта “сузіранне Бога, які наведвае свой народ”, “гэта таямніца суцяшэння”. Касцёл, які забыўся пра надзею і пяшчоту Бога, становіцца “Касцёлам халодным”, які не ведае, куды ісці і трапляе ў путы ідэалогій і духа гэтага свету. Францішак выказаўся супраць вульгарызацыі Божага Нараджэння. “Калі чалавек няздольны зразумець гэту радасць, або знаходзіцца ў нейкай чалавечай сітуацыі, якая не дазваляе яму гэта зрабіць, то ён перажывае гэта свята з весялосцю гэтага свету. Але паміж глыбокай радасцю і такой весялосцю ёсць розніца”, - адзначыў ён.

Пантыфіку былі зададзены “падступныя пытанні”, у тым ліку, аб адносінах да марксізму, пра “жанчын-кардыналаў”, пра магчымасць удзялення сакрамэнтаў разведзеным католікам, якія заключылі новыя саюзы. Але Папа засяродзіўся на іншых тэмах: служэнні справе міру ва ўсім свеце, барацьбе з голадам, экуменізме.

На пытанне аб правільных адносінах паміж Касцёлам і палітыкай, Святы Айцец адказаў, што гаворка ідзе пра інстытуты, якія развіваюцца ў розных напрамках і маюць розныя задачы. У той жа час у іх ёсць і нешта агульнае, а менавіта, пакліканне служыць народу. “Палітыка высакародная, - працытаваў Францішак папу Паўла VI, - яна з’яўляецца адной з вышэйшых форм міласэрнасці, але яна ж становіцца бруднай, калі яе выкарыстоўваюць для здзелак”.

У заключэнне інтэрв’ю Папа разважаў пра ролю жанчыны ў Касцёле. На яго думку, варта шанаваць і выяўляць яе лепшыя якасці, а не заганяць у цесныя рамкі няправільна разуметай эклезіяльнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.