2013-12-16 12:32:43

Кардынал: Папа нагадвае, што эканоміка павінна служыць агульнаму дабру, а не наадварот


RealAudioMP3 Член Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, кардынал Рэйнхард Маркс абараніў крытыку капіталізму папы Францішка. “Яго словы не скіраваны супраць рынкавай эканомікі”, - напісаў кардынал у артыкуле, апублікаваным у апошнім выпуску нямецкага штотыднёвай газеты “Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung”. На яго думку, Папа проста хоча нагадаць, што эканоміка павінна служыць агульнаму дабру, а не наадварот. “У свеце існуе тэндэнцыя эканамізацыі ўсіх сфер жыцця, што прыводзіць да залежнасці рытму жыцця грамадства ад рэалізацыі інтарэсаў капіталу”, - напісаў кардынал Маркс і дадаў: “дакладна гэта Папа справядліва крытыкуе”.

Кардынал спаслаўся на дыскусіі вакол Апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium”. Яе крытыкі абвінавачваюць Папу ў аднабаковым бачанні капіталізму. Паводле іх меркавання, Касцёл не прапануе ніякіх новых рашэнняў у барацьбе з беднасцю і толькі далівае алівы ў агонь прадузятасці да багатых”. “Гэта абвінавачванне з’яўляецца ілжывым”, - напісаў кардынал Маркс і падкрэсліў: “Касцёл толькі нагадвае, што матэрыяльныя даброты з’яўляюцца сродкам для дасягнення мэты, а не сэнсам нашага жыцця”.

“Таму неўтаймаваны капіталізм таксама не павінен быць узорам для грамадства, таму што ён не звяртае ўвагі на лёс асобы, слабых і бедных”, - лічыць іерарх. На яго думку, больш важна тое, што Касцёл шукае сваё месца сярод бедных. “Не для таго, каб пацвердзіць свой ​​статус, але шукаць новыя формы сацыяльнага і эканамічнага парадку. “Мы бачым, што са светам штосьці не ў парадку, калі мы не спрабуем убачыць яго вачыма бедных”, - напісаў кардынал.

Арцыбіскуп Фрайзінгска-Мюнхенскі абараняе празіцыю Касцёла ў палітычных і сацыяльных пытаннях. “Ён павінен у публічнай дыскусіі прадстаўляць свае аргументы і погляды, а ў абліччы сур’ёзнай крытыкі і апазіцыі не павінен сысці і замкнуцца выключна ў рэлігійнай сферы”, - напісаў кардынал Маркс і прызнаўся, што часам яму не хапае голасу хрысціян, якія бяруць удзел у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці. “Дзе ёсць палітычныя партыі, асабліва тыя, якія лічаць сваім хрысціянскі вобраз чалавека, якія прытрымлівацца гэтага і ўступаюць у сусветныя дэбаты?”, - запытаўся ў завяршэнні кардынал Маркс, які належыць да папскай кансультацыйнай групы.







All the contents on this site are copyrighted ©.