2013-12-13 11:31:07

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству паедзе ў Расію


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адправіцца 14 снежня 2013 г. у Расію. Падчас свайго візіту кардынал Курт Кох наведае Санкт-Пецярбург і Маскву. Афіцыйная частка падарожжа ватыканскага іерарха пачнецца ў культурнай сталіцы Расіі 15 снежня раніцай з наведання праваслаўнага Фёдараўскага сабору, які нядаўна быў адноўлены і асвечаны гэтай восенню патрыярхам Кірылам. Апоўдні кардынал узначаліць Эўхарыстыю ў каталіцкай базыліцы св. Кацярыны і благаславіць адрэстаўраваныя цэнтральныя дзверы храма. Увечары прадугледжаны яго ўдзел у набажэнстве ў Аляксандра-Неўскай Лаўры і сустрэча з епіскапам Назарыем, намеснікам Лаўры і вікарыем Санкт-Пецярбургскай епархіі.

Панядзелак 16 снежня распачнецца візітам старшыні Папскай рады ў каталіцкую семінарыю “Марыя Каралева Апосталаў”. Ён узначаліць тут св. Імшу і прачытае даклад аб ІІ Ватыканскім саборы, што стане асноўнай часткай афіцыйнага адкрыцця 21-га навучання года міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. Апоўдні запланаваны візіт кардынала ў праваслаўную духоўную акадэмію, даклад аб праваслаўна-каталіцкіх адносінах і сустрэча з біскупам Амброзіем, рэктарам Санкт-Пецярбургскіх духоўных школ і вікарыем Санкт-Пецярбургскай епархіі.

16 снежня ўвечары кардынал Кох адправіцца ў Маскву, дзе ў яго запланаваны афіцыйныя сустрэчы з каталіцкімі і праваслаўнымі іерархамі. Адбудзецца яго сустрэча з Патрыярхам Кірылам. Суправаджаць ватыканскага іерарха будуць Апостальскі нунцый у Расіі арцыбіскуп Іван Юркавіч і ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве арцыбіскуп Павел Пеццы.







All the contents on this site are copyrighted ©.