2013-12-12 10:48:24

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў сваім крытыкам


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў крытыкам, якія абвінавацілі яго ў спробе спынення абмеркавання на тэму сакрамэнтальнага жыцця асоб, якія развяліся і ўступілі ў новы саюз. Рэакцыя з’явілася пасля артыкулу арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера ў ватыканскай газеце, дзе ён сцвердзіў між іншым, што вышэйузгаданыя асобы не могуць прымаць Святую Камунію пакуль не адбудзецца сцвярджэнне несапраўднасці іх папярэдняга сужэнства. У інтэрв’ю для “Passauer Neuen Presse”, апублікаваным 12 снежня 2013 г., іерарх нагадаў, што артыкул з’явіўся пасля кансультацый з папам Францішкам як рэакцыя на аднабаковыя рашэнні па гэтым пытанні з боку асобных нямецкіх біскупаў.

Арцыбіскуп Мюлер заявіў, што яго мэтай не было спыненне дыскусіі, але напамін аб навучанні Хрыста і Касцёла, якое не абмяркоўваецца. Ён дадаў, што асновы веры “не варта блытаць з праграмай партыі, якая можа быць адаптавана ў адпаведнасці з пажаданнямі членаў і выбаршчыкаў”. Адказнае душпастырскае навучанне ў Касцёле заўсёды асноўваецца “на здаровай дактрыне”. Іерарх лічыць, што варта было нагадаць аб сітуацыі і магчымасцях, якія яна прапаноўвае, бо ёсць многія, хто мае патрэбу ў такім напаміне, у тым ліку сярод біскупаў і кардыналаў.

На практыцы, звярнуў увагу прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, падыход да асоб, якія развяліся і ўступілі ў новы саюз нічым не адрозніваецца і не можа адрознівацца ад падыходу да любога верніка – кожны, каб прымаць Святую Камунію, павінен быць у стане ласкі, гэта значыць, без цяжкага або смяротнага граху.

Іерарх лічыць сваім абавязкам і доўгам абараняць навучанне Касцёла, і рабіць гэта з адкрытай душой.







All the contents on this site are copyrighted ©.