2013-12-12 11:34:11

MONEYVAL: Святы Пасад асягнуў значныя поспехі ў кароткі час


RealAudioMP3 Святы Пасад асягнуў вялікія поспехі ў рэфармаванні сваёй фінансавай структуры, але ўсё яшчэ існуе рызыка адмывання грошай, калі не ўмацоўваць кіраванне Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскім банкам) і Адміністрацыяй маёмасці Апостальскай Сталіцы, гаворыцца ў 30-старонкавым дакладзе MONEYVAL (Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мер супраць адмывання грошай і фінансавання тэрарызму), апублікаваным 12 снежня 2013 г. Гэта другі даклад Камітэта адносна Апостальскай Сталіцы. З моманту апублікавання першага прайшло 18 месяцаў.

У дакладзе адзначаецца эфектыўнасць працы Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, якое выявіла за бягучы год больш за 100 здзелак, праведзеных з парушэннямі, супраць 6 у мінулым. У дакуменце таксама гаворыцца, што прававая база для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму была значна ўзмоцнена, але ўсё яшчэ мае патрэбу ва ўдакладненнях.

Паводле MONEYVAL, павінен ажыццяўляцца большы кантроль над Ватыканскім банкам. Трэба ў самыя кароткія тэрміны правесці фармальную праверку, якая павінна ўключаць у сябе, між іншым, аналіз рызык і тэст аперацый кліентаў на адмыванне грошай.

У адной з нямногіх крытычных заўваг выказваецца здзіўленне, што да гэтага часу яшчэ не выканана праверка Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы на прадмет мер па барацьбе з адмываннем грошай.

MONEYVAL адзначыў, што даклад, зацверджаны 9 снежня і апублікаваны сёння, гэта частка нармальнай працэдуры ў рамках арганізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.