2013-12-09 12:40:14

Ватыканскі іерарх пра крызіс святарскай ідэнтычнасці


RealAudioMP3 Ці сучасны крызіс ідэнтычнасці святарства, гэта толькі наступства пратэстанцкай Рэфармацыі шаснаццатага стагоддзя? – такое пытанне паставіў на старонках ватыканскай газеты прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер. На яго думку, гэта было б значным спрашчэннем, як зрэшты і сцвярджэнне, што цэлібат – гэта перажытак мінулага і адзіная прычына недахопу святароў. Паводле меркавання іерарха, крызіс святарства ў заходнім свеце ў апошнія дзесяцігоддзі, гэта, перш за ўсё, вынік “радыкальнай дэзарыентацыі хрысціянскай ідэнтычнасці” перад тварам сучаснай філасофіі, якая пазбаўляе сутнасць існавання свету “трансцэндэнтнай і эсхаталагічнай перспектывы”.

Прэфект не ўтойвае, што “корань крызісу святарства” варта шукаць таксама ва “унутрыкасцёльным фактары”. Мода на “пратэстанцкае” бачанне святарства 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя прычынілася да “лютай крытыкі” сакрамэнтальнага святарства ў Каталіцкім Касцёле. Сцвярджалася нават, што яно не мае біблійных падстаў. Але сапраўдны характар сакрамэнтальнага святарства, нагадаў арцыбіскуп Мюлер, палягае на “мандаце самаго Хрыста”, які праз словы асобы, уключанай у сакрамэнтальнае святарства, “прысутнічае ў якасці адзінага найвышэйшага святара ў Касцёле Божым, які сабраўся для цэлебрацыі літургіі”.

У сваім артыкуле на старонках “L’Osservatore Romano” прэфект Кангрэгацыі Веравучэння часта спасылаецца на меркаванне Бэнэдыкта XVI і поўны збор яго твораў. Менавіта Папа на пенсіі, на думку арцыбіскупа, паказвае дарогу, вядучую да пераадолення крызісу. Трэба рабіць усё, каб знайсці адпаведныя ўстаноўкі і матывацыю, прычым, як тэалагічнага, так і сацыялагічнага кшталту, якія дапамаглі б каталіцкім святарам, што некалі пачыналі свой шлях з любоўю і стараннасцю, а затым апынуліся ў асабістай нявызначанасці і блытаніне адносна сваёй ролі ў Касцёле, адшукаць ідэнтычнасць. “Погляд і словы Езуса”, нагадаў іерарх, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай святарскай ідэнтычнасці, што выводзіць “з пустыні кожнага крызісу, у зямлю абяцаную”.







All the contents on this site are copyrighted ©.