2013-12-07 14:38:36

Францішак: супрацьстаяць пашырэнню “культуры адходаў”


RealAudioMP3 У нашу эпоху, багатую адкрыццямі і надзеямі, нажаль, ёсць сілы, якія спрыяюць “культуры адходаў”, якая імкнецца стаць супольнай ментальнасцю, сцвердзіў папа Францішак 7 снежня 2013 г. Адкрыць сапраўднае значэнне свабоды і справядлівасці ў грамадстве Пантыфік заклікаў падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Інстытута “Dignitatis Humanae” – грамадскага аб’яднання з сядзібай у Рыме, якое, абапіраючыся на каталіцкае навучанне, займаецца абаронай чалавечай годнасці. Святы Айцец адзначыў, што ахвярамі “культуры адходаў”, калі грамадства намагаецца пазбавіцца самых слабых і безабаронных сваіх членаў, становяцца ў першую чаргу ненароджаныя дзеці, беднякі, старыя, хворыя і інваліды. Усе яны рызыкуюць быць “выкінутымі” грамадствам, якое гоніцца за “эфектыўнасцю любым коштам”. Гэта, паводле Папы, з’яўляецца рэалізацыяй “практычнага атэізму”, які не прымае канцэпцыі чалавека, створанага “на вобраз і падабенства Божае”.

Паводле Святога Айца, сіла Божага слова ставіць абмежаванні тым, хто імкнецца быць бязмежным уладаром правоў і годнасці іншага. Адначасова, яно дае надзею і суцяшэнне тым, хто не ў стане абараняцца, не мае інтэлектуальных і практычных сродкаў для сцвярджэння каштоўнасці сваіх пакут, правоў і жыцця.

Францішак адзначыў, што важна вучыць вернікаў, асабліва задзейнічаных у палітыцы, думаць паводле Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла, каб праз супрацоўніцтва з іншымі, яны дзяліліся, калі не верай, то прынамсі адпаведным ёй этычным бачаннем чалавека і грамадства. Бо “ёсць нямала не-хрысціян і няверуючых перакананых, што чалавек павінен заўсёды быць мэтай і ніколі сродкам”, - лічыць Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.