2013-12-07 14:24:27

Святы Айцец пра прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце


RealAudioMP3 У абвяшчэнні Евангелля важная непасрэдная сустрэча з людзьмі, але прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце таксама з’яўляецца неад’емнай, лічыць Святы Айцец. 7 снежня 2013 г. у Ватыкане ён сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах свецкіх, прысвечанага евангелізацыі ў лічбавую эпоху. Папа Францішак падкрэсліў, што інтэрнэт сёння з’яўляецца распаўсюджанай і скаладанай з’явай, якая пастаянна эвалюцыянуе і ставіць пытанні па ўзаемаадносінах паміж верай і культурай. Пантыфік заклікаў не закрываць вочы на лічбавую рэчаіснасць і браць прыклад з першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія апынуўшыся перад абліччам шматлікіх язычніцкіх элементаў тагачаснай грэцкай культуры, дзейнічалі паводле закліку св. Паўла: “усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся”. Дзякуючы гэтаму яны здолелі распазнаць і асіміляваць шматлікія рэчы, перамяняючы іх знутры святлом Божага Слова.

Францішак адзначыў, што самая галоўная магчымасць, якую даюць сучасныя тэхналогіі тычыцца абвяшчэння Евангелля. Але для гэтага не дастаткова толькі тэхнічных ведаў. Галоўную ролю трэба надаць рэальнай сустрэчы з людзьмі, часта параненымі і разгубленымі, каб дзяліцца з імі надзеяй. Евангелізацыя патрабуе ў першую чаргу “сапраўдных і прамых чалавечых адносін”, падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што толькі інтэрнэту для гэтага не дастаткова.

Аднак, гэта не азначае, што прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце не можа быць карыснай, падкрэсліў Пантыфік. Наадварот, на яго думку, яна патрэбна і павінна рэалізоўвацца ў “евангельскім стылі”, абуджаць пытанні аб сэнсе існавання і ўказваць дарогу, што вядзе да таго, Хто мае на іх адказ – Божай Міласэрнасці, стаўшай целам у Хрысце.








All the contents on this site are copyrighted ©.