2013-12-07 12:02:02

Папа на Дзень хворых: клопат пра пакутуючых набліжае Божае Валадарства


RealAudioMP3 Пацвярджэннем сапраўднай веры ва ўкрыжванага Хрыста з’яўляецца дар з самаго сябе – любоў да бліжняга, асабліва да таго, хто яе не годны, хто пакутуе і маргіналізаваны, адзначыў папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень хворага, апублікаваным 7 снежня 2013 г. Пантыфік падкрэсліў, што Езус прысутнічае ў пакутах людзей хворых. Ён, стаўшы чалавекам, не пазбавіў людзей досведу хвароб і пакутаў, але, прыняўшы іх на сябе, надаў ім новае, станоўчае значэнне. Ён паказаў, што пакуты – гэта не апошняя кропка. “Як Айцец падарыў Сына і Сын падарыў самаго сябе дзеля любові, таксама і мы павінны любіць бліжніх, як Бог палюбіў нас, даючы жыццё братам”, - напісаў папа Францішак. Пантыфік нагадаў, што сілай сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі вернікі пакліканы станавіцца падобнымі да Хрыста – “добрага самараніна для ўсіх пакутуючых”. “Калі мы з пяшчотай набліжаемся да патрабуючых клопату, нясём надзею і ўсмешку Бога ў супярэчнасці свету”, - падкрэсліў Францішак і дадаў, што шчыры клопат аб іншых становіцца “нашым укладам у набліжэнне Божага Валадарства”.

Каб узрастаць у неабходных пяшчоце і любові, нам патрэбны прыклады, заўважыў Святы Айцец і заклікаў углядацца ў жыццё Марыі, якая заўсёды была ўважлівай да голасу Бога і адкрытай на патрэбы бліжніх. Таксама Францішак нагадаў пра св. Яна, які наблізіўся да крыніцы любові, будучы разам з Марыяй ля падножжа крыжа. “Хто стаіць пад крыжом з Марыяй, вучыцца любіць як Езус”, - адзначыў Святы Айцец.

Сусветны дзень хворых адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага, у дзень першага аб’яўлення Маці Божай у Лурд. Ён быў устаноўлены бл. Янам Паўлам ІІ 13 мая 1992 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.