Апостальская Сталіца выступіла за санкцыі супраць вандалаў
Святы Пасад заклікаў
да больш строгіх крымінальных санкцый за вандалізм у хрысціянскіх храмах і на могілках.
Такія інцыдэнты павінны ацэньвацца з той жа строгасцю, як гэта было зроблена ў выпадку
культавых збудаванняў іншых рэлігій. Арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах
Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, выступіў перад міністрамі краін Арганізацыі па
бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Іх пасяджэнне завяршылася 6 снежня 2013 г. у Кіеве.
Іерарх выказаў занепакоенасць ростам колькасці нападаў на хрысціян і хрысціянскія
інстытуты ў краінах самой АБСЕ. Рэлігійная свабода ўсё часцей парушаецца ў традыцыйных
дэмакратыях, адзначыў ватыканскі дыпламат і дадаў, што гаворка ідзе ў першую чаргу
пра нецярпімасць у дачыненні да хрысціян.
Толькі ў Германіі ў 2012 г. Бюро
па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ зарэгістравала 414 нападаў на хрысціян
і хрысціянскія ўстановы.