2013-12-06 11:42:32

Францішак: у малітве неабходна “дакучаць Богу”


RealAudioMP3 Маліцца з настойлівасцю і ўпэўненасцю ў тым, што Бог выслухае нашы просьбы, заклікаў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 6 снежня 2013 г. Паводле Пантыфіка, хрысціянін, які моліцца па-сапраўднаму, не баіцца турбаваць Бога і мае “сляпы давер” да Яго. У сувязі з гэтым, ён указаў на прыклад двух евангельскіх сляпых, якія ідучы за Езусам крычалі: “Змілуйся над намі, Сыне Давіда!”. Папа нагадаў, што Хрыстус сам вучыў настойлівасці ў малітве апавядаючы прыпавесці пра “надакучлівага сябра”, які мог прыйсці апоўначы, каб папрасіць ежы ці пра ўдаву, якая настойліва прасіла несправядлівага суддзю абараніць яе. “Напэўна гэта гучыць кепска, але маліцца – гэта значыць крыху дакучаць Богу”, - сказаў Францішак. Менавіта так рабілі пракажонныя, якія набліжаліся да Хрыста, просячы аб аздараўленні. Яны не проста звярталіся да яго некалькі разоў, але настойліва “крычалі і не стамляліся крычаць” аб сваёй патрэбе. Менавіта так, на думку Святога Айца, Хрыстус вучыць маліцца нас. “Езус кажа нам: “прасіце”, але таксама: “стукайце ў дзверы”, а хто стукае ў іх - робіць шум, турбуе, дакучае”, - сказаў Папа.

Акрамя таго, Францішак адзначыў, што маліцца трэба з “непарушнай упэўненасцю”. Прыкладам гэтага з’яўляюцца тыя ж евангельскія сляпыя. “Яны з упэўненасцю прасілі Пана аб аздараўленні”, таму што на Яго пытанне: “Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?” рашуча адказалі: “Так, Пане!”. Такім чынам, на думку Святога Айца, малітва павінна мець два вымярэнні: быць патрабуючай і упэўненай.

У малітве, на яго думку, трэба прадставаць перад Богам у праўдзе, нібыта кажучы: “Я сляпы, Пане. Маю патрэбу ў гэтым. Маю гэту хваробу, гэты грэх, боль...” і адначасова памятаць, што Бог чуе, як мы просім Яго дапамогі. Францішак заклікаў паразважаць над тым, ці наша малітва з’яўляецца патрабуючай і упэўненай.








All the contents on this site are copyrighted ©.