2013-12-06 12:19:03

Папа заклікаў маладых палітыкаў углядацца ў прыклад Нэльсана Мандэлы


RealAudioMP3 Папа Францішак моліцца за тое, каб прыклад Нэльсана Мандэлы, памерлага 6 снежня 2013 г., натхняў “новыя пакаленні палітыкаў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ставіць справядлівасць і агульнае дабро ў авангардзе сваіх палітычных памкненняў”. Пра гэта гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай Святым Айцом на імя Прэзідэнта гэтай краіны Джэйкаба Зума. Францішак адзначыў, што з сумам даведаўся пра смерць Нэльсана Мандэлы і выказаў сваю малітоўную салідарнасць са сваякамі памерлага, а таксама ўсім народам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Папа нагадаў пра адданасць палітыка прынцыпам абароны чалавечай годнасці, а таксама пабудовы краіны на фундаменце “ненасілля, прымірэння і праўды”. Францішак пажадаў народу Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі боскіх дароў супакою і росквіту.

Нэльсан Мандэла быў вядомым палітыкам і праваабаронцам. У 1964 г. за сваю дзейнасць ён быў несправядліва асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Быў вызвалены толькі ў 1990 г. У 1993 г. яму была ўручана Нобелеўская прэмія міру за ўклад у барацьбу з палітыкай расавай дыскрымінацыі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. У 1994 Мандэла быў выбраны першым чорнаскурым Прэзідэнтам гэтай краіны. Палітык памёр ноччу 6 снежня ў сваім доме ў Іаганэсбургу ва ўзросце 95 гадоў пасля працяглай хваробы.








All the contents on this site are copyrighted ©.