Член Рады кардыналаў: рэформы для Папы – гэта рэкалекцыі
Кардынал Оскар Радрыгес
Марадзьяга адзначыў, што для папы Францішка рэфармаванне структур Рымскай курыі “гэта
не праект, а рэкалекцыі”. Сваімі думкамі іерарх падзяліўся 4 снежня 2013 г. падчас
прэзентацыі кнігі-інтэрв’ю са Святым Айцом італьянскага езуіта кс. Антоніа Спадара.
Кардынал Марадзьяга, з’яўляецца каардынатарам Рады кардыналаў для дапамогі Папе ў
кіраванні Паўсюдным Касцёлам і падрыхтоўкі праекту рэфармавання структур Рымскай курыі.
Ён бачыць у Пантыфіку “чалавека свабоднага, натхнёнага вялікай духоўнай свабодай,
цалкам уключанага ў дыкаміку жыцця, які не адварочваецца ад канфліктных тэмаў”.
Паводле
іерарха, цэнтральнай тэмай прапаведвання Святога Айца з’яўляюцца “адкрытыя дзверы”
– сімвал святла, сяброўства, даверу, адкрытасці для іншых. Ён падкрэсліў, што Папа
лічыць самай цяжкай хваробай “уніфікацыю мыслення”, а яго дзейнасць грунтуецца на
езуіцкім крэда – місійнасць, супольнасць і дысцыпліна. Кардынал Марадзьяга назваў
“геніяльным” адкрыццё Папам “стэрыльнага мыслення”, якое прыводзіць да смутку, адзіноты
і пакінутасці.