2013-12-05 11:38:34

Францішак: “хрысціянскія словы” без Хрыста ствараюць падзелы


RealAudioMP3 Хто прамаўляе “хрысціянскія словы”, не рэалізуючы іх на практыцы, робіць блага сабе і іншым, перакананы папа Францішак. Каментуючы евангельскую прыпавесць пра дом пабудаваны на скале, падчас ранішняй св. Імшы 5 снежня 2013 г., Папа адзначыў, што фундаментам хрысціянскага жыцця павінна быць слуханне і спаўненне Божага слова. Езус папракаў фарысеяў менавіта за тое, што яны не жылі тымі запаведзямі, пра якія добра ведалі і так шмат казалі, заўважыў Францішак і дадаў, што гэтыя “добрыя словы”, калі не спаўняюцца на практыцы, не толькі не патрэбныя, але і шкодныя. Ён падкрэсліў, што жывучы без Хрыста, але карыстаючыся хрысціянскімі словамі, людзі падманваюць сябе – думаюць, што маюць “прыгожы дом”, але на самой справе ён стаіць без фундамента. А фундаментам можа быць толькі Хрыстус. Тады і словы становяцца па-сапраўднаму моцнымі, даюць жыццё, падштурхоўваюць ісці наперад і дапамагаюць вытрымаць любыя напады.

У адваротным выпадку, лічыць Святы Айцец, чалавек упадае ў пыху і фальшывую ўпэўненасць ў сабе. А Пан, у сваю чаргу, скідвае з тронаў такіх асоб, пра што ўзгадваецца, між іншым у словах “Магніфікату” Марыі.

Францішак заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення са сваіх словаў і прасіць Бога аб ласцы пакоры і сціпласці, каб сказанае намі ніколі не стварала падзелаў у Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.