2013-12-05 14:50:12

Папа вырашыў заснаваць Камісію па абароне дзяцей


RealAudioMP3 Папа Францішак вырашыў заснаваць спецыяльную Камісію па абароне дзяцей, з мэтай перадаць ёй абавязак клопату з боку Апостальскай Сталіцы па ахове непаўналетніх і душпастырскай увазе да ахвяраў злоўжыванняў. Пра гэта паведаміў 5 снежня 2013 г. арцыбіскуп Бостанскі, кардынал Шон Патрык О’Мэлі, падчас сустрэчы з журналітамі, прымеркаванай да заканчэння другога пасяджэння Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам. Іерарх, які ўваходзіць у яе склад, падкрэсліў, што Францішак прыняў рашэнне аб заснаванні новай структуры “працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI” і абапіраючыся на прапанову Рады кардыналаў. Кампетэнцыі новай структуры будуць акрэслены пазней спецыяльным дакументам Святога Айца, паведаміў кардынал О’Мэлі. Яе дзейнасць будзе заключацца ў кантролі за рэалізацый праграм па абароне дзяцей, фармуліроўцы прапаноў для новых ініцыятыў Рымскай курыі ў супрацоўніцтве з біскупамі, епіскапатамі, вышэйшымі настаяцелямі і Канферэнцыямі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў.

Акрамя таго, Камісія па абароне дзяцей будзе займацца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны непаўналетніх, развіцці і пашырэнні нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў; распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў, святароў катэхетаў і ўсіх, хто працуе з непаўналетнімі. Камісія будзе супрацоўнічаць з грамадзянскімі ўладамі і займацца сувяззю са святарамі, абвінавачанымі ў злоўжываннях, супрацоўнічаць з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці, з мэтай прафілактыкі злачынстваў, а таксама адказваць за душпастырскі клопат пра ахвяр злоўжыванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.