2013-12-04 15:05:43

Святы Пасад і Германія заключылі пагадненне аб барацьбе з фінансавымі злачынствамі


RealAudioMP3 4 снежня 2013 г. у Ватыкане было заключана пагадненне ад супрацоўніцтве ў сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызма паміж Апостальскай Сталіцай і Германіяй. Мемарандум аб узаемапаразуменні падпісалі старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і дзяржавы Ватыкан кардынал Аціліа Нікора і кіраўнік нямецкай фінансавай разведкі Міхаэль Дэвальд. Дакумент прадугледжвае абмен фінансавай інфармацыяй паміж адказнымі органамі Святога Пасаду і Германіі, з мэтай супрацьстаяць адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызма. Дамова была заключана на базе мадэлі прапанаванай “Egmont Group” – міжнароднага аб’яднання фінансавых разведак.

Паводле кіраўніка Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы Рэнэ Брульхарта, гаворка ідзе пра ўмацаванне ролі гэтай ватыканскай структуры на міжнародным узроўні і больш поўнай інтэграцыі Святога Пасаду і Ватыкана ў барацьбу з нелегальнай фінансавай дзейнасцю.

Падобныя дамовы Апостальская Сталіца заключыла на працягу апошніх месяцаў з ЗША, Бельгіяй, Італіяй, Іспаніяй, Славеніяй і Галандыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.