2013-11-27 11:05:23

Францішак: калі жывём у еднасці з Хрыстом – не баімся смерці


RealAudioMP3 Калі смерць разглядаеца, як канец усяго, яна пужае, але ў сэрцы чалавека ёсць “інстынкт”, які падказвае, што жыццё не заканчаецца ёй. Гэта “прага жыцця знайшла свой пераканаўчы адказ ва ўваскрасенні Хрыста”, якое асвятляе таямніцу смерці кожнага чалавека і заклікае “рыхтавацца” да новага жыцця побач з Айцом, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 27 лістапада 2013 г. Пантыфік выказаў жаданне закончыць цыкл катэхез, прысвечаны “Сімвалу веры”, разважаннем аб уваскасенні цела. Таму бліжэйшыя дзве аўдыенцыі будуць прысвечаны тэме смерці і ўваскрасення ў Езусе Хрысце. Паводле Папы, існуе памылковы погляд на смерць. “Смерць тычыцца ўсіх нас”, яказаў ён, і ўздымае шмат пытанняў, асабліва калі памірае нехта з нашых блізкіх. “Мяне заўсёды турбавала: чаму пакутуюць дзеці? Чаму дзеці паміраюць?”, - прызнаўся Пантыфік. Ён падкрэсліў, што, “калі смерць разумееца, як канец усяго”, яна “палохае”, “пераўтвараецца ў пагрозу, што разбурае любыя мары і перспектывы”.

“Такое ўспрыняцце смерці ўласціва атэізму, для якога існаванне – гэта выпадковае знаходжанне ў свеце і шлях у нікуды. Але існуе таксама практычны атэізм – жыццё толькі для ўласных інтарэсаў і зямных спраў. Калі мы дазволім гэтаму памылковаму погляду на смерць авалодаць намі, не будзем мець іншага выхаду, як толькі ўтойваць смерць, адмаўляць яе, баналізаваць, каб яна нас не пужала”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што такое памылковае ўяўленне ўздымае пратэст у сэрцы чалавека. Яно супярэчыць “яго жаданню бясконцасці і настальгіі па вечнасці”. Нават калі губляем дарагога чалавека, у сэрцы паўстае перакананасць у тым, што не ўсё скончана. “Існуе моцны інстынкт унутры нас, які кажа, што жыццё не заканчваецца са смерцю”, - сказаў Пантыфік.

“Гэта прага жыцця знайшла свой рэальны і пераканаўчы адказ ва ўваскрасенні Езуса Хрыста. Уваскрасенне Езуса не дае перакананасць толькі ў жыцці пасля смерці, але асвятляе таксама таямніцу самой смерці кожнага з нас. Калі жывём у еднасці з Хрыстом, у вернасці Яму, будзем здольнымі з надзеяй і спакоем прыняць таксама і смяротны пераход”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што наша ўспрыняцце смерці залежыць ад таго, наколькі ў жыцці мы давяраем Пану і ідзём адным шляхам з Ім.

“Асоба, як правіла, памірае так, як жыла. Калі маё жыццё было шляхам з Панам, даверам да Яго бясконцай міласэрнасці, буду падрыхтаваны прыняць апошні момант майго існавання, як канчатковае і даверлівае аддане ў адкрытыя рукі, у чаканні сузірання тварам у твар Яго аблічча”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, у такой перспектыве неабходна глядзець на заклік Хрыста чуваць, “ведаючы, што жыццё нам дадзена, каб падрыхтавацца да іншага жыцця, з Айцом нябесным”. “Добра рыхтавацца да смерці”, паводле Папы, трэба прабываючы блізка з Езусам праз малітву, сакрамэнты і ўчынкі міласэрнасці. Францішак заклікаў памятаць, што Бог прысутны ў самых слабых і бедных. “Хто практыкуе міласэрнасць, не баіцца смерці”, - паўтарыў Папа некалькі разоў.

На заканчэнне аўдыенцыі Францішак асаблівым чынам прывітаў групу пілігрымаў з Украіны, якія прыбылі ў Рым з нагоды святкавання 50-годдзя перанясення рэкліквій св. Язафата Кунцэвіча ў базыліку св. Пятра. Паводле Папы, “прыклад гэтага святога, які аддаў сваё жыццё за Пана і адзінства Касцёла, гэта заклік для кожнага, каб штодзённа працаваць на карысць адзінства паміж братамі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.