2013-11-26 12:06:43

У Ватыкане прадстаўлена “Радасць Евангелля”


RealAudioMP3 “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё тых, хто сустракаецца з Хрыстом”, - такімі словамі пачынаецца першая Апостальская адгартацыя папы Францішка “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля), прэзентацыя якой праходзіць 26 лістапада 2013 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы. У дакуменце Папа развівае тэму абвяшчэння Добрай навіны ў сучасным свеце, абапіраючыся, між іншым, на спадчыну Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, які прайшоў у Ватыкане 7-28 кастрычніка 2012 г. Тэкст пачынаецца і заканчваецца заклікам “аднавіць арыгінальную свежасць Евангелля”, знаходзячы “новыя шляхі”, “крэатыўныя метады” і не знявольваючы Езуса ў нашых “нудных схемах”. Неабходна “душпастырскае і місійнае навяртанне, якое не павінна пакінуць рэчы такімі, якімі з’яўляюцца сёння”, а таксама “рэформа стурктураў” Касцёла, каб “станавіліся больш місійнымі”. У гэтым абнаўленні, на думку Святога Айца, не трэба баяцца пераглядзець звычаі Касцёла “не звязаныя непасрэдна з цэнтрам Евангелля”, а “укаранёныя на працягу гісторыі”.

Францішак заклікае “трымаць паўсюль дзверы касцёлаў адкрытымі”, каб тыя хто праходзіць каля іх не сустрэлі “холаднасць закрытых дзвярэй”. Тое самае тычыцца душпастырства ў розных сферах, у тым ліку сакрамэнтальнай. Паводле Папы, Эўхарыстыя павінна быць “не ўзнагародай для дасканалых, а шчодрым лекам і пасілкам для слабых”. Святы Айцец паўтарыў сваё жаданне бачыць Касцёл “параненым і запэцканым з-за таго, што выйшаў на вуліцы”, чым “заклапочаным знаходжаннем ў цэнтры”. У першую чаргу Касцёл павінна турбаваць тое, што многія нашы браты жывуць без сяброўства з Езусам, перакананы Пантыфік.

Асаблівым чынам Папа заклікаў касцёльныя супольнасці не паддавацца спакусам нянавісці і зайздрасці: “пасярод Народа Божага і ў розных супольнасцях, колькі войнаў!”. “Каго хочам евангелізаваць такімі паводзінамі?”, - пытаецца Святы Айцец. Ён адзначчае неабходнасць пашырэння адказнасці свецкіх вернікаў, якія адкінуты на “ўзбочыны рашэнняў” “празмерным клерыкалізмам”.

Францішак асаблівым чынам закрануў тэму прапаведвання. Паводле яго, гаміліі “павінны быць кароткімі” і не падобнымі на “канферэнцыі ці лекцыі”. Трэба быць здольнымі казаць словы, якія “запальваюць сэрцы”. Святы Айцец падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі гамілій: “прапаведнік, які не рыхтуецца не з’яўляецца “духоўным”, але нясумленным і безадказным”, лічыць Папа. Гамілія, паводле яго, павінна даваць надзею, а не пакідаць “нявольнікамі негатыва”. Само абвяшчэнне Евангелля, павінна мець пазітыўныя характарыстыкі: “блізкасць, адкрытасць на дыялог, цярплівасць, сардэчнасць, якая не асуджае”.

Гаворачы пра актуальныя выклікі, Папа крытычна ахарактарызаваў пануючую эканамічную мадэль, “несправядлівую ў карані”, якая “забівае” таму што ў ёй пераважае “закон самых моцных”. Касцёл, на яго думку, павінен актыўна уключыцца ў абарону бедных. “Пакуль не вырашацца праблемы бедных, не вырашацца праблемы свету”, - адзначае Святы Айцец. Сярод самых безабароных і слабых, Папа назваў таксама ненароджаных дзяцей, у якіх сёння жадаюць “адабраць чалавечую годнасць”.

У евангелізацыі, паводле Францішка, важную ролю грае супрацоўніцтва з іншымі рэлігіямі, дзякуючы якому можна ўзаемна ўзбагачацца. Папа заклікае не апускаць рукі перад абліччам няўдачаў ці невялікіх вынікаў працы, памятаючы, што заўсёды важным з’яўляецца “дар самаго сябе”.








All the contents on this site are copyrighted ©.