Святы Айцец прывітаў грэка-каталіцкую дэлегацыю з Беларусі
Папа Францішак прывітаў
грэка-каталіцкую дэлегацыю з Беларусі, якая прыбыла ў Рым з нагоды святкавання 50-годдзя
перанясення рэліквій св. Язафата Кунцэвіча ў базыліку св. Пятра. Разам з вялікай украінскай
супольнасцю, беларускія вернікі прынялі ўдзел у літургіі, якая адбылася тут 25 лістапада
2013 г. Яе ўзначалілі архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук і кардынал Леанарда
Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. На заканчэнне літургіі да
пілігрымаў звярнуўся Пантыфік. Ён нагадаў, што 22 лістапада 1963 г. цела св. Язафата
было размешчана ў алтары св. Васілія Вялікага, недалёка ад магілы св. Пятра. Гэты
святы прыняў манаскае жыццё паводле рэгулы базыліянскага ордэна, і спрычыніўся да
яго рэформы, у выніку чаго узнік ордэн базыліянаў св. Язафата. “У той жа час, напачатку
як просты вернік, затым як законнік і нарэшце архіепіскап Полацкі, ён прыкладаў усе
намаганні дзеля адзінства Касцёла пад кіраўніцтвам Пятра, Князя апосталаў”, - сказаў
Францішак.
Пантыфік адзначыў, што хрысціянскае жыццё павінна натхняцца менавіта
імкненнем да адзінства, жаданнем супольна будаваць, супрацоўнічаць, вучыцца адно ад
аднаго і разам сведчыць пра веру. “Гэта жаданне еднасці, падштурхоўвае нас імкнуцца
разумець іншых, паважаць, прымаць і па-братэрску папраўляць”, - сказаў Папа.
“Дарагія
браты і сёстры, лепшы спосаб, каб ушанаваць св. Язафата заключаецца ў тым, каб любіць
адно аднаго, любіць і служыць адзінству Касцёла. У гэтым нас падтрымлівае таксама
мужнае сведчанне шматлікіх мучанікаў мінулых часоў, якія з’яўляюцца вялікім багаццем
і суцяшэннем для вашай Царквы”, - сказаў Папа.
Францішак пажадаў вернікам Украінскай
грэка-каталіцкай Царквы, каб глыбокая еднасць, якую яны жадаюць штодзённа умацоўваць,
дапамагала ў будаванні мастоў братэрства з іншымі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі
на Украіне і паўсюль, дзе яны прысутнічаюць.