2013-11-24 13:32:19

Святы Айцец падзякаваў арганізатарам падзей у рамках Года веры


RealAudioMP3 24 лістапада 2013 г. перад малітвай “Анёл Панскі”, Папа падзякаваў арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў, якія адбыліся ў рамках Года веры: у першую чаргу арцыбіскупу Рына Фізікелле, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі і яго бліжэйшым супрацоўнікам. Год веры, быў урачыста адкрыты Бэнэдыктам XVI 11 кастрычніка 2012 г.. У гэты дзень адзначалася таксама 50-годдзе адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору. Каб узгадаць гэту падзею на плошчы св. Пятра адбылася факельнае шэсце, напрыканцы якога Бэнэдыкт XVI удзяліў сабраным сваё благаслаўленне з вакна Апостальскага палацу, як гэта зрабіў ініцыятар правядзення Сабору Ян ХХІІІ.

21 кастрычніка 2012 г., у рамках Года веры, Бэнэдыкт XVI узнёс да хвалы алтароў некаторых мучанікаў і вызнаўцаў веры з розных краін свету. 28 снежня Пантыфік сустрэўся з моладзю, якая прыбыла ў Рым з нагоды “Пілігрымкі даверу па зямлі”, арганізаванай супольнасцю “Taize”.

Іншыя мерапрыемства з нагоды Года веры узначаліў папа Францішак, абраны Біскупам Рыма 13 сакавіка 2013 г. Новы Пантыфік сустрэўся з моладзю ў Пальмовую нядзелю, удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 50-ці маладым вернікам з розных краін свету, у тым ліку з Беларусі. З удзелам Францішка прайшлі Дзень свецкіх рухаў, новых супольнасцяў, асацыяцый і аб’яднанняў, Дзень “Evangelium vitae”, Дзень семінарыстаў і навіцыяў, Дзень катэхетаў, Марыйны дзень, Дзень сем’яў, Дзень кансэкраванага жыцця, Сустрэча з катэхуменамі і некаторыя іншыя мерапрыемствы арганізаваныя Папскай радай па новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.