2013-11-24 11:58:42

Папа на заканчэнне Года веры: паставіць Хрыста ў цэнтр жыцця


RealAudioMP3 Цэнтральнаму месцу Езуса ў жыцці чалавека і гісторыі прысвяціў сваю гамілію папа Францішак падчас Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету 24 лістапада 2013 г.. Яна адбылася на заканчэнне Года веры абвешчанага Бэнэдыктам XVI. Перад пачаткам св. Імшы на плошчы св. Пятра, упершыню для публічнага ўшанавання былі выстаўлены рэліквіі Князя апосталаў, змешчаныя ў спецыяльную бронзавую урну. Рэлікварый быў вынесены ў працэсіі і ўсталяваны каля галоўнага алтара. Таксама па просьбе Святога Айца, перад літургіяй адбыўся збор ахвяраванняў на патрэбы ахвяраў тарнада на Філіпінах. Францішак нагадаў, што Апостал Павел прадстаўляў Хрыста, “як цэнтр усяго”, пачатак кожнага стварэння, якому Бог даў поўню, “каб у Ім прымірылася ўсё”. “Ад верніка, калі ён хоча быць такім, патрабуецца прызнаць і прыняць у жыцці гэта цэнтральнае месца Езуса Хрыста, у думках, словах і справах. І так нашы думкі стануць хрысціянскімі, думкамі Хрыста. Нашы справы стануць хрысціянскімі, справамі Хрыста. Нашы словы стануць хрысціянскімі, словамі Хрыста. Але калі губляецца гэты цэнтр, таму што замяняецца нечым іншым, наносіцца толькі ўрон асяродзю вакол нас і самаму чалавеку”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў таксама, што Хрыстус з’яўляецца цэнтрам Народа Божага – у ім споўнена жаданне ізраіліцян пра караля, які будзе блізкім, згодным суправаджаць на жыццёвым шляху і стане іх братам.

“Хрыстус, нашчадак караля Давіда – гэта “брат” вакол якога ўтвараецца народ, брат, які клапоціцца пра свой народ, пра усіх нас, коштам свайго жыцця. У ім мы адно – адзін народ; паяднаныя з Ім, раздзяляем адзін і той жа шлях, адзін лёс. Толькі у Ім, як у цэнтры, мы маем ідэнтычнасць, як народа”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што калі Хрыстус знаходзіцца у цэнтры жыцця чалавека асвятляюцца нават самыя цёмныя моманты, як адбылося са злачынцам, якога Езус прабачыў з крыжа. “Езус прамовіў толькі слова прабачэння, а не асуджэння. І калі чалавек знаходзіць адвагу прасіць гэтага прабачэння, Пан ніколі не пакіне без адказу такую просьбу”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў паразважаць пра сваё жыццё і ўсведамляючы ўласную слабасць звярнуцца да Хрыста са словамі: “Узгадай мяне Пане, які ўжо прабываеш у сваім Валадарстве”.

Пантыфік адзначыў, што абяцанне збаўлення, дадзенае злачынцы, дае таксама і нам сёння вялікую надзею, яно кажа, што ласка Божая заўсёды пераўзыходзіць малітву таго, хто просіць. “Пан заўсёды дае больш, Ён вельмі шчодры”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.