2013-11-24 15:09:51

Амерыканскі кардынал: рэформа Касцёла немагчыма без свецкіх вернікаў


RealAudioMP3 Рэформа Касцёла не можа адбывацца без свецкіх вернікаў, лічыць арцыбіскуп Бостанскі кардынал Шон Патрык О’Мэлі. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” пурпурат адзначыў, што віна за клерыкалізацыю свецкіх ляжыць на саміх святарах, якія імкнуцца даць ім як мага больш “літургічных функцый”, “замест таго, каб адправіць іх перамяняць свет”. Паводле кардынала, перад Касцёлам існуе патрэба выходзіць насустрач людзям. Мінулі тыя часы, калі дастаткова было “пабудаваць стадыён, а гледачы самі прыйдуць”, з іроніяй адзначыў іерарх.

На думку пурпурата, культура сустрэчы, да якой заклікае папа Францішак паспрыяла аднаўленню энтузіязма ў многіх. Гэтаму таксама спрыяе ўвага Пантыфіка да “сацыяльнага Евангелля”. “Я ведаю многіх людзей, якія вяртаюцца, каб яшчэ раз паглядзець на Касцёл”, - адзначыў амерыканскі кардынал і дадаў, што людзей прываблівае дабрыня, міласэрнасць і пяшчотнасць папы Францішка – “тое, у чым яны маюць патрэбу”.

Кардынал О’Мэлі падкрэсліў што культура сустрэчы дапамагае ў вырашэнні канкрэтных праблем. Ён падзяліўся, што у рамках адной кампаніі супраць эўтаназіі ў штаце Масачусец, супольна выступілі католікі, пратэстанты, мусульмане, мармоны і іншыя хрысціянскія супольнасці, у выніку чаго атрымалася дасягнуць жаданых мэтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.