2013-11-22 09:14:05

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Год веры распаліў агонь веры ў беларусах


RealAudioMP3 24 лістапада 2013 г. у Каталіцкім Касцёле завяршаецца Год веры, абвешчаны Бэнэдыктам XVI у кастрычніку 2012 г. Гэты час па закліку Святога Айца вернікі ў Паўсюдным Касцёле, а таксама ў Беларусі, павінны былі прысвяціць таму, каб нанова адрадзіць веру ў сучасны час – час секулярызму, перагляду традыцыйных каштоўнасцяў і адыходу ад жыцця веры. Як адначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў сваім пасланні на завяршэнне Года веры, зараз добрая нагода, каб падзякаваць Богу і падвесці вынікі гэтага адмысловага часу.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў сваіх душпастырскіх планах быў адзіным з Касцёлам Паўсюдным. Удзел у Сінодзе Біскупаў, які адкрыў Год веры, стаў цэнтральнай падзеяй і акрэсліў шляхі і метады новай евангелізацыі. Што тычыцца Беларусі, Год веры ў краіне быў насычаным – шматлікія пілігрымкі, перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, рэліквій св. Тэрэзы з Лізьё і св. Яна Боска, удзел вернікаў у Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра і Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы, канферэнцыі, сімпозіумы і II Агульнабеларуская сустрэча святароў – усё гэта спрыяла ўмацаванню веры, адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

“Год веры даў новы імпульс, стаў новым штуршком для развіцця душпастырскай дзейнасці. Мы, біскупы, у сваіх пастырскіх пасланнях, а святары ў гаміліях больш закраналі праблему веры. З аднаго боку мы цешымся традыцыйнай верай нашых людзей, аднак у гэтую традыцыю трэба ўносіць тэалагічны элемент – гэта і стараліся рабіць. Розныя пілігрымкі, набажэнсты ўзбагацілі Год веры і распалілі агонь веры, каб ён стаў мацнейшым. Важнай падзеяй сталі Будслаўскія ўрачыстасці, якія прайшлі пад дэвізам “Марыя – Маці нашай веры”. Нам вельмі прыемна, што папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Святло веры” таксама назваў Марыю маці нашай веры. Мы дзякавалі Божай Маці за апеку падчас ганенняў, а зараз просім благаслаўлення на новыя часы. Сёння няма ўжо палітыкі ваяўнічага атэізму, але ёсць матэрыялістычны атэізм або проста адыход ад веры, бязвер’е, абыякавасць да веры. Гэта не спрыяе таму, каб вера ўмацоўвалася. І звяртаючы на гэта ўвагу, мы падкрэсліваем – без веры няма збаўлення”, - адзначыў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі.

Як знак падзякі і еднасці з Паўсюдным Касцёлам і папам Францішкам, які ўзначаліць св. Імшу на завяршэнне Года веры 24 лістапада на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, ва ўсіх беларускіх касцёлах у нядзелю таксама пройдуць адмысловыя набажэнствы. Галоўныя ўрачыстасці адбудуцца ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якіх будзе прамоўлена “Вызнанне веры”, адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і прагучыць малітва аб ўмацаванні веры.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.