2013-11-20 15:25:52

“Веру, ведаю, разумею”. Лячэнне духоўных хваробаў: неўмеркаванасць у ядзе і піцці


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць пра духоўныя хваробы і сродкі барацьбы з імі. Сёння гаворка пойдзе пра неўмеркаванасць у ядзе і піцці. Гэта хвароба з’яўляецца распаўсюджанай і даволі небяспечнай, бо правакуе як шматлікія духоўныя, так і фізічныя праблемы. Неўмеркаванасць паступова і незаўважна ахоплівае чалавека, набірае сілу і становіцца другой “натурай”, пачынае дамінаваць і абумоўліваць учынкі і прыярытэты. Нам здаецца, што ў неўмеркаванасці няма нічога страшнага, маўляў, маленькая слабасць, ад якой магу вызваліцца, як толькі захачу. Але, гэта не так. Неўмеркаванасць цяжка стрымаць. Больш за тое, яна перашкаджае дысцыплініраваць нашы больш небяспечныя жаданні, якія ўзнікаюць у сэрцы.

Невыпадкова на старонках Святога Пісання апавяданні пра грахі часта звязаны менавіта з ежай. Дастаткова ўзгадаць яблык Адама і Евы, п’янага Ноя, паляванне Эзава ці настальгію ізраільцян па “лукавіцах”, якія маглі спажываць у егіпецкім палоне.

Менавіта ежа стала першая спакусай Езуса на пустыні. З боку сатаны, гэта была прапанова падпарадкаваць усё ўласнаму голаду, заглушыць чуйнасць і кіравацца толькі ўласнымі фізічнымі патрэбамі. “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлябамі”. Значэнне гэтых слоў можна перадаць наступным чынам: “Ты маеш права ўзяць усё, што табе трэба”, “думай толькі пра тое, каб пачуваць сябе добра”, “што тут кепскага, ты ж галодны!”.

Зло заўсёды карыстаецца нашай слабасцю. Часам яно зацікаўлівае нас прывабнымі прапановамі, наступстваў, якіх мы не бачым. Зло запэўнівае нас у нявіннасці таго ці іншага досведу і стварае ілюзію, што вызваліцца ад зла зможам, калі толькі захочам. Зло карыстаецца тым, што нам патрэбна і прапануе тое, што нас можа задаволіць. Яно хоча зрабіць нас залежнымі.

Езус не згадзіўся з тым, каб Ім кіравалі патрэбы. Таксама Ён не адказаў на спакусу проста: “не хачу”. Яго сілай, Яго сапраўднай натурай, Яго адзіным словам было слова Божае. Гэта сіла даступна ўсім, таму што не адзіным хлебам жыве чалавек.

Наша жыццё не можа абмяжоўвацца толькі матэрыяльным і складацца з пошуку самазадавальнення. Мы не былі створаны, каб жыць так! Сапраўднае насычэнне нашай душы прыходзіць, калі мы раздаём хлеб, а не калі шукаем нашага, ці дакладней “уласнага” насычэння. Штодзённы хлеб нам дае Айцец, дзецьмі якога з’яўляемся мы ўсе.

На пустыні, перад абліччам спакусы стаць “спажыўцом”, Езус не пайшоў на кампраміс за злом. Не пагадзіўся на прапанову сатаны, каб авалодаць нечым ці мець пэўны досвед.

Распаўсюджаная памылка заключаецца ў наданні неўмеркаванасці ў ядзе і піцці другаснага значэння, лічэнні яе правам, нявіннай слабасцю. На самой справе неўмеркаванасць пераўтварае ежу ў задавальненне само ў сабе, а не сродак для жыцця. Ежа паступова займае месца любові.

Першым адказам на неўмеркаванасць з’яўляецца стрыманасць. Гаворка не ідзе пра пагарду ежай, але пра свабоду ад яе. Стрыманасць дапамагае росту любові да бліжніх, клопату пра іншых, асабліва галодных і патрабуючых.

Пасланне да Габрэяў заклікае радавацца таму што маем, бо сам Бог паабяцаў не пакінуць нас. Будзем шукаць Валадарства Божага і яго справядлівасці і так знойдзем тое насычэнне, якое толькі пяць хлябоў і дзве рыбы, давераныя Пану, змогуць падарыць. Насычэнне супольнае, а не прыватнае.

Сярод членаў першай хрысціянскай супольнасці, не было тых хто б меў голад, таму што яны елі і дзялілі хлеб з радасцю і сардэчнай прастатой сэрца. Гэта плён стрыманасці: яна дапамагае перайсці ад логікі спажывання да логікі адзінства, ад індывідуальнага банкета – багатага стравамі, але сумнага, да радаснай вячэры Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.