2013-11-20 10:09:53

Святы Айцец наведае кляўзуровы манастыр


RealAudioMP3 21 лістапада 2013 г. папа Францішак наведае манастыр св. Антонія абата на Авентынскім пагорку ў Рыме, дзе жывуць і нясуць служэнне законніцы з кантэпляцыйнай галіны бэнэдыктынскага ордэну. Візіт будзе прымеркаваны да Дня кантэмпляцыйнага жыцця і заканчэння Года веры. Пантыфік узначаліць малітву Нешпараў, а затым сустрэнецца з супольнасцю на прыватнай размове. Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі папа Францішак звярнуў увагу, што Дзень кантэмпляцыйнага жыцця – гэта добрая магчымасць падзякаваць Богу за дар шматлікіх асоб, якія “прысвяцілі сябе Богу ў малітве і ціхай працы”, за іх сведчанне і жыццё. Ён заклікаў аказваць гэтым братам і сёстрам духоўную і матэрыяльную падтрымку, “каб яны мелі магчымасць выконваць сваю важную місію”.

Дзень “Pro Orantibus”, прысвечаны кляўзуровым супольнасцям, устанавіў 21 лістапада 1953 г., у свята Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, папа Пій XII. З таго часу кожны год 21 лістапада вернікі дзякуюць Пану за дар кантэмпляцыйнага жыцця і за ўсіх пакліканых да гэтага адмысловага служэння ў Касцёле.

Зараз у рымскім манастыры св. Антонія абата жыве, моліцца і працуе 21 законніца.







All the contents on this site are copyrighted ©.