2013-11-20 12:44:54

Паўстане Міжнародны камітэт каталіцкіх устаноў аховы здароўя


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл жадае каардынаваць свае намаганні па медыцынскай апецы і дапамозе хворым людзям па ўсім свеце. Аб гэтым 23 лістапада 2013 г. у Рыме будзе размаўляць кіраўнічая рада новага Міжнароднага камітэта каталіцкіх устаноў аховы здароўя. Гаворка пойдзе таксама аб спосабах павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва паміж арганізацыямі-удзельнікамі асацыяцыі, заявіў сакратар Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя кс. Жан-Мары Мупэндавату.

Кіраўнікі жадаюць “глабальнай салідарнасці” паміж каталіцкімі ўстановамі і забеспячэння супрацоўнікаў і валанцёраў тэхнічнай і маральнай падтрымкай, асабліва ў слабаразвітых рэгіёнах. На сустрэчы таксама будзе абяркоўвацца пытанне ўзмацнення душпастырскай падтрымкі пацыентаў.

Да канца лютага 2014 г. бакі павінны прадставіць у Дзяржаўны сакратарыят праект статута камітэта, які стане вынікам папярэдніх абмеркаванняў. Кс. Мупэндавату паведаміў аб гэтым падчас прэзентацыі штогадовай міжнароднай канферэнцыі Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, у якой 21-23 лістапада прымуць удзел каля 700 экспертаў з усяго свету. Сёлета тэмай форуму стане барацьба з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі ў пажылым узросце і душпастырская апека такіх пацыентаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.