2013-11-20 12:10:34

Нават Папа спавядаецца кожныя 15 дзён


RealAudioMP3 Бог ніколі не стамляецца прабачаць, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 20 лістапада 2013 г. У цэнтры яго ўвагі была тэма адпушчэння грахоў у кантэксце так званай “улады ключоў” – біблійнага сімвалу місіі, якую Езус даверыў апосталам. Паводле Францішка, словы Хрыста: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінене, на тым застануцца”, з’яўляюцца заданнем перадаваць “новае жыццё, адноўленае прабачэннем”. Папа падкрэсліў, што перш чым “падарыць Духа, Езус паказаў свае раны”, якія “уяўляюць сабой кошт нашага збаўлення”. Святы Дух прыносіць нам Божае прабачэнне, “праходзячы праз” раны Езуса, адзначыў Папа. Францішак падкрэсліў, што Касцёл з’яўляецца распарадчыкам “улады ключоў”. “Бог прабачае кожнага чалавека ў сваёй “суверэннай міласэрнасці”, але Ён пажадаў, каб тыя, хто належаць Хрысту і Яго Касцёлу, атрымлівалі прабачэнне праз слугаў Супольнасці”, - сказаў Пантыфік.

“Многія людзі, магчыма, не разумеюць касцёльнага вымярэння прабачэння, таму што заўсёды дамінуе індывідуалізм, суб’ектывізм, і таксама мы хрысціяне гэта адчуваем. Канешне, Бог асабіста прабачае кожнага грэшніка, які пакаяўся, але хрысціянін злучаны з Хрыстом, а Хрыстус злучаны з Касцёлам. У нас хрысціян – на адзін дар больш, а таксама на адно заданне больш: пакорна праходзіць праз гэта касцёльнае служэнне. І мы павінны яго цаніць! Гэта дар, клопат, абарона, а таксама ўпэўненасць у тым, што Бог мяне прабачыў!”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў не баяцца прыступаць да сакрамэнту споведзі, памятаючы, што Бог не стамляецца прабачаць грэшнікаў. Ён адзначыў, што варта “адзін раз пачырванець” вызнаючы грахі, каб атрымаць прабачэнне і працягваць ісці наперад.

Святы Айцец падкрэсліў, што споведзь тычыцца усіх, у тым ліку і святароў, біскупаў. “Нават Папа спавядаецца кожныя 15 дзён, таму што Папа таксама грэшнік. А спавяднік чуе рэчы, якія я яму апавядаю, дае парады і дае мне прабачэнне, таму што мы ўсе маем патрэбу ў гэтым прабачэнні”, - сказаў Францішак.

Пантыфік адзначыў каштоўнасць служэння святара, які з’яўляецца “прыладай прабачэння грахоў”. “Часам даводзіцца чуць, што нехта хоча спавядацца непасрэдна Богу. Так, як я казаў перад гэтым, Бог заўсёды выслухае, але ў сакрамэнце прымірэння Ён пасылае брата, каб прынесці табе прабачэнне, упэўненасць у прабачэнні, ад імя Касцёла”, - адзначыў Святы Айцец.

“Служэнне, якое святар здзяйсняе як слуга Божы, прабачаючы грахі – вельмі далікатнае і патрабуе, каб яго сэрца было ў супакоі; каб не адносіўся кепска да вернікаў, каб быў ціхім, добразычлівым і міласэрным, здольным сеяць у сэрцах надзею, і, перш за ўсё, каб усведамляў, што браты і сёстры, якія прыходзяць да споведзі, шукаюць прабачэння. Ён павінен яго удзяляць, як Езус многім людзям, якія прыходзілі да Яго за аздараўленнем. Лепш, каб святар, які не мае такой духоўнай паставы, не здзяйсняў дадзены сакрамэнт, пакуль не выправіцца”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў памятаць, што праз служэнне святара Бог запрашае нас у свае абдымкі, якія дазволяць абнавіцца, падняцца і працягнуць шлях. “Такое наша жыццё: уставаць і нанова пачынаць шлях”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 22 лістапада 2013 г. пачнецца “Міжнародны год фермерскіх сямейных гаспадарак”, абвешчаны ААН. Святы Айцец пажадаў, каб гэта ініцыятыва дапамагла ацаніць “невымерны ўклад, які сям’я ўносіць у эканамічнае, сацыяльнае, культурнае і маральнае развіццё”.







All the contents on this site are copyrighted ©.