Апостальская Сталіца звярнула ўвагу на праблемы рыбакоў
Святы Пасад перасцярог
рыблоўны сектар ад імкнення да прыбытку любым коштам. Такая логіка вядзе да знішчэння
сусветных рыбных запасаў, негатыўнага ўплыву на экалогію і павелічэння часу працы
рыбакоў, што з’яўляецца прычынай траўм, а часам нават смяротных зыходаў, гаворыцца
ў спецыяльным пасланні на Сусветны дзень рыбалоўства, які адзначаецца 21 лістапада,
Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. У ім паддаецца крытыцы сістэма
працоўных дагавораў, неспрыяльных для рыбакоў, недастатковая зарплата, мінімальныя
патрабаванні да бяспекі іх працы.
Сямейныя адносіны тых, хто займаецца рыбнай
лоўляй таксама сутыкаюцца з праблемамі. Рыбакі, вымушаныя на працяглы перыяд выходзіць
у мора, праводзяць вельмі мала часу са сваімі сям’ямі, што прыводзіць да сур’ёзных
наступстваў для росту і выхавання іх дзяцей.
Глабалізацыя і недахоп працоўнай
сілы прывялі да новай і трывожнай з’явы – эксплуатацыі мігрантаў, якія з-за беднасці
лёгка становяцца ахвярамі прымусовай працы або гандлю людзьмі.
Папская рада
пастырства эмігрантаў і падарожнікаў заклікала капеланаў апостальства мора прыкласці
ўсе намаганні да служэння і абароны рыбакоў і іх сем’яў.