2013-11-19 17:00:11

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Якімі былі апошнія гады Аляксандра VI?


RealAudioMP3 Канчатковы штрых у партрэце Аляксандра VI Борджыа, пра якога ішла гаворка на працягу папярэдніх праграм, мы паставім размаўляючы аб апошніх гадах жыцця гэтага Папы. Ён памёр хутка пасля грандыёзнага святкавання вялікай падзеі – 1500-годдзя з дня нараджэння Хрыста або году Вялікага Юбілею. Папярэднічаў гэтай падзеі глыбокі эканамічны крызіс, які ахапіў усю Еўропу. Папа, аднак, у адрозненні ад многіх іншых тагачасных манархаў, не застаўся абыякавым да патрэбаў свайго народу. Па яго загадзе ў Рым была дастаўлена вялікая колькасць зерня з Сіцыліі. Яно раздавалася бедным рымскім сем’ям у адпаведнасці з іх патрэбамі. Пантыфік асабіста “інспектаваў” пункты раздачы харчавання і караў тых, хто спрабаваў спекуляваць і нажывацца на гэтым.

Акрамя таго, Папа паклапаціўся, каб Рым увайшоў у новую эпоху абноўленым горадам. Па яго ініцыятыве былі ўпарадкаваны гарадскія вуліцы, створаны месцы для гандлю і адпачынку. Ён фінансаваў будаўніцтва новых дамоў і кляштараў. Яшчэ будучы кардыналам, ён пабудаваў вялікі палац Ватыканскай канцэлярыі, у якім да сённяшняга дня знаходзяцца сядзібы галоўных судовых устаноў Каталіцкага Касцёла: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Апостальскай Сігнатуры і Трыбуналу Рымскай Роты. Функцыянальнае прызначэнне гэтага палацу нагадвае пра любоў яго заснавальніка да кананічнага права.

Але акрамя захаплення касцёльным заканадаўствам, Пантыфік быў вялікім аматарам мастацтва. Менавіта падчас яго пантыфікату Мікеланджэла стварыў сваю знакамітую “Пьету”, якая да сённяшняга дня захоўваецца ў базыліцы св. Пятра, а Пінтурыкіа – фрэскі, якія ўпрыгожваюць ватыканскія палацы. Пры ім пачалося ўпрыгожванне базылікі Санта Марыя Маджорэ каштоўнымі матэрыяламі, прывезенымі з Амерыкі. Такім чынам, Аляксандр VI хацеў падзякаваць Маці Божай, якую вельмі шанаваў, за адкрытыя тэрыторыі.

Пры Аляксандры VI была пашырана вуліца, якая вядзе ад Ватыкана да Замка св. Анёла (сучасная via Conciliazione). Тады яна была названа ў гонар Пантыфіка – via Allesandrina – і была прызначана для правядзення рэлігійных працэсій.

Трэба сказаць некалькі слоў і пра сам Замак св. Анёла. Гэта фартыфікацыйная пабудова на беразе Тыбру па ініцыятыве Папы была адрэстаўравана і ўмацавана байніцамі. Калідор, які вядзе да яе з Ватыканскага палацу, быў прыведзены ў належны стан. Гэта было не дарэмна. У 1527 г., падчас разбурэння Рыма лютэранскай арміяй Карла VIII, папа Клімент VII змог застацца жывым менавіта дзякуючы таму, што дабраўся да гэтай крэпасці.

За год Вялікага Юбілею Рым наведалі каля 200 тыс. пілігрымаў. Каб гарантаваць ім бяспеку, Аляксандр VI стварыў спецыяльную гарадскую паліцыю, якая патруліравала вуліцы. Ён абвясціў аб магчымасці атрымання поўнага адпусту для тых, хто на працягу года, будучы ў стане ласкі і памаліўшыся ў інтэнцыях Пантыфіка, наведае папскія базылікі. Па яго ініцыятыве ў Рыме збіраліся ахвяраванні на два грандыёзныя праекты: пабудову новай базылікі св. Пятра і пачатак крыжовага паходу супраць туркаў. Такім чынам патрэбы народа і Касцёла былі ў сэрцы Біскупа Рыма. Ён не шкадаваў на гэта ні сіл, ні грошай.

5 ці 6 жніўня 1503 г. Аляксандр VI прымаў удзел у абедзе на віле новага кардынала Адрыяна да Карнэта. Пасля вячэры госці засталіся на свежым паветры і былі пакусаны камарамі. На наступны дзень амаль усе ўдзельнікі сустрэчы адчулі сімптомы малярыі. У самым цяжкім стане апынуўся Папа, які праз некалькі тыдняў памёр.

Вакол смерці Пантыфіка пачалі ўзнікаць версіі пра атручванне. Але сучасныя даследчыкі іх абверглі, не пакінуўшы ніякіх разумных сумневаў у натуральным характары смерці Аляксандра VI.

Для распаўсюджвання “чорнай легенды” пра Аляксандра VI была адпаведная глеба. Перыяд Адраджэння, ўуякі ён жыў, прадстае перад намі хвалебным, яскравым і радасным. Але ён быў такім толькі для некаторых мастакоў, інтэлектуалаў і манархаў. Для 90% насельніцтва Еўропы, гэта быў час эпідэмій, беднасці, войнаў, страху перад турэцкай экспансіяй і разбурэння звыклага светапогляду, справакаваны Гусам, Вікліфам, Лютэрам і Кальвінам. Адкрыццё друкарства спрыяла распаўсюджванню пратэстанцкай літаратуры пра антыхрыста ў Рыме. У такой атмасферы вельмі лёгка ўзнікалі ідэі апакаліптычнага характару. Сярод іх былі і байкі пра распуснага Папу, які атручвае апанентаў і цікавіцца толькі ўладай і багаццямі.

Як мы бачылі ў папярэдніх праграмах, падобныя апавяданні ўзнікалі дзякуючы несумленным і залежным ад зацікаўленых у дэскрэдытацыі Папы аўтарамі. Плёткі пра Пантыфіка вандравалі з вуснаў ў вусны, з паперы на паперу, з кожны разам ўзбагачаючыся новымі “падрабязнасцямі”. Першая біяграфія Аляксандра VI была напісана гісторыкам Тамашом Тамазі ў 1655 г. па замове сям’і Медычы, старажытных ворагаў Борджыа. Тут былі змешчаны шматлікія “пікантныя” факты з жыцця Пантыфіка, якія пачалі вандраваць па іншых выданнях. Нямецкая даследчыца Марыён Герман-Ротген адзначала, што “Борджыа сталі аж да нашых дзён адным з самых жаданых суб’ектаў папулярнай псеўданавуковай літаратуры, сапраўдным аб’ектам, якой з’яўляецца Касцёл”.

Канешне, дзейнасць Аляксандра VI характарызавалася жорсткасцю і больш нагадвала дзейнасць свецкага манарха і вайскоўца, але ён не хаваў свае недахопы і грахі за маскай крывадушнасці і прытворства. Хто ведае, магчыма да яго можна аднесці словы св. айца Піа з Петральчыны: “Ты будзеш здзіўлены, калі сустрэнеш на Небе душы, якія ніколі не чакаў убачыць тут”.








All the contents on this site are copyrighted ©.