2013-11-16 12:41:02

Святы Айцец: Бог мае слабасць да пакорнай малітвы чалавека


RealAudioMP3 Малітва чалавека і слабасць Бога былі ў цэнтры гаміліі папы Францішка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 16 лістапада 2013 г. Пантыфік звярнуў увагу на прыклад евангельскай удавы, якая настойліва прасіла суддзю аб справядлівасці, і нагадаў заклік Езуса да вучняў – нястомна маліцца. “Бог учыніць справядлівасць сваім абраным, якія днём і ноччу просяць Яго”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што так здарылася з яўрэйскім народам, які быў вызвалены з егіпецкага палона. Францішак нагадаў, што “Пан пачуў малітву свайго народа, бо ў сэрцы адчуваў, што яго абраныя пакутавалі”. Перад абліччам гэтага, Ён праявіў сваю моц і вызваліў іх. “Гэта моц Бога. А якая сіла ў людзей?”, - спытаў Панітыфік. На яго думку, сіла чалавека заключаецца ў тым, каб нястомна стукаць у сэрца Бога, апавядаць яму пра свае праблемы, цяжкасці, пакуты, грахі і прасіць вызвалення ад іх. “Сіла чалавека – гэта малітва”, - сказаў Папа і дадаў, што да яе Бог мае слабасць.

У літургіі са Святым Айцом прынялі ўдзел канонікі капітулы базылікі св. Пятра. Звяртаючыся да іх, Францішак адзначыў, што іх праца павінна заключацца менавіта ў тым, каб стукаць у сэрца Бога і прасіць за Яго народ. Паводле Папы, канонікі базылікі, “самай блізкай да Папы”, “якой дасягаюць усе малітвы ў свеце”, павінны “збіраць іх і прадстаўляць Пану”. “Гэта паўсюднае служэнне, служэнне Касцёлу”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што такое служэнне з’яўляецца “прывілеяваным” і
выказаў прысутным падзяку за яго. Папа яшчэ раз заклікаў памятаць, што Бог моцны і можа змяніць усё, але адначасова мае слабасць да пакорнай малітвы свайго народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.