2013-11-16 11:37:42

Кардынал Таран: хрысціянска-ісламскі дыялог – гэта не “вуліца з аднабаковым рухам”


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду прыме ўдзел у вялікай канферэнцыі, прысвечанай міжрэлігійнаму дыялогу. Яна распачнецца 18 лістапада 2013 г. у Вене і збярэ прадстаўнікоў больш чым 90 краін свету. Арганізатарам форуму, які пройдзе на тэму “Аблічча іншых”, выступіў Міжнародны цэнтр па міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу імя караля Абдалы. Кардынал Жан-Луі Таран лічыць, што трэба “выкарыстоўваць” гэты канал для будавання мастоў паміж хрысціянамі і мусульманамі. Гаворачы пра працу самаго Цэнтра, які месціцца ў аўстыйскай сталіцы, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё сказаў: “Я чалавек рэалістычны. Дзіця пачынае станавіцца на ногі, таму трэба яго падтрымліваць”.

Мэта канферэнцыі ў Вене – знайсці шляхі навучыць маладое пакаленне мець “аб’ектыўны, сумленны і правільны” погляд на прадстаўнікоў іншых рэлігій і нацыянальнасцяў. У форуме прымуць удзел міністры адукацыі шэрагу краін.

Некаторыя крытыкі называюць хрысціянска-ісламскі дыялог “вуліцай з аднабаковым рухам”, паколькі, на іх думку, толькі хрысціяне ідуць у напрамку паразумення, звярнуў увагу кардынал Таран. Ён прызнаў, што, сапраўды, у большай ступені ініцыятыва дылогу зыходзіць ад хрысціян. Але, у той жа час, іерарх нагадаў пра ліст ісламскіх вучоных да Бэнэдыкта XVI пасля яго “Рэгенсбургскай прамовы”. “Упершыню ініцыятыва зыходзіла ад мусульманаў. І гэта трэба прызнаць”, - адзначыў іерарх. Ён лічыць, што вынікам такіх ініцыятыў павінна быць стварэнне хрысціянска-мусульманскага форуму.







All the contents on this site are copyrighted ©.