Журналістка пра беражлівасць Папы: у Ватыкане ён гасіць святло, уключанае без патрэбы
Шэраг цікавых фактаў
з жыцця кардынала Хорхэ Берголіа адкрыліся дзякуючы аргентынскай журналістцы Элізабэце
Піке. Некалькі дзён таму выйшла яе кніга “Францішак. Жыццё і рэвалюцыя”. У ёй, абапіраючыся
на шматлікія сведчанні, дакументальныя крыніцы і ўласны досвед знаёмства з Папам,
яна прадставіла дагэтуль невядомыя падрабязнасці апошняга канклаву і жыцця чалавека,
якому было даверана кіраваць Касцёлам. Журналістка знаёмая з Пантыфікам з 2001 г.
Іх першая сустрэча адбылася ў рамках інтэрв’ю для часопіса “La Nación”, у якім яна
працуе дагэтуль. Адказваючы на пытанні, тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса гаварыў
разважліва і проста, ужываў шмат выразаў, якія можна было выкарыстаць у якасць загалоўка
да інтэрв’ю. Гаворачы пра неабходнасць пераменаў у Касцёле, кардынал Берголіа выказаў
рашучае “не” перспектыве абвяшчэння новага Сабора. Паводле яго, ІІ Ватыканскі Сабор
быў настолькі багаты зместам і ідэямі, што да сённяшняга дня Касцёл не здолеў іх выкарыстаць
і рэалізаваць цалкам.
На пытанне, кім лічыць сябе кардынал Берголіа, “кансерватарам”
ці “прагрэсістам”, ён адзначыў, што не любіць клішэ, таму што яны заўсёды няпоўныя
і абмежаваныя. “Я прабую быць не кансерватарам, а верным Касцёлу і адкрытым на дыялог”,
- адказаў ён.
Элізабэта Піке апавядае пра ўжо стаўшую легендарнай прастату
Пантыфіка. Паводле журналісткі, калі на выходныя дні ён заставаўся сам у біскупскай
рэзідэнцыі ў Буэнас-Айрэсе, то нават зімой выключаў цэнтральнае атапленне і карыстаўся
простым абагравальнікам, каб эканоміць. А “у Ватыкане ён гасіць святло, уключанае
без патрэбы”, - падзялілася журналістка.
Паводле яе, навіна пра неабходнасць
пакінуць Буэнас-Айрэс у сувязі з перыядам “sede vacante”, не выклікала вялікага энтузіязму
ў будучага Папы. У размове са сваім блізкім супрацоўнікам кс. Алехандра Руса ён выказаў
заклапочанасць тым, што давядзецца перанесці ўжо даўно запланаваныя мерапрыемствы.
“Ці нават увогуле адмяніць?”, – дадаў з іроніяй святар. “Ты што думаеш, новы Папа
мяне выкіне на наступны дзень?”, - спытаў арцыбіскуп Берголіа. На што пачуў: “Я не
гэта меў на ўвазе, я думаў, што новым Папам можаце стаць Вы”. Францішак скептычна
паставіўся да гэтай гіпотэзы, адзначыўшы што мае сталы ўзрост і нават ужо падаў просьбу
аб адстаўцы пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту. А словы святара спраўдзіліся.