2013-11-15 11:15:43

У Ватыкане абмяркоўваюць эвалюцыю навучання аб споведзі


RealAudioMP3 Дзякуючы папе Францішку многія вернікі адкрываюць для сябе значэнне сакрамэнту споведзі і радасць сустрэчы з любячым і прабачаючым Айцом, перакананы рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі біскуп Кшыштаф Ныкель. Святы Айцец часта звяртае ўвагу на важнасць споведзі і “заклікае не баяцца прасіць прабачэння ў Бога, таму што Ён сам шчаслівы, калі дарыць сваю міласэрнасць”, сказаў біскуп у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Паводле іерарха, Францішак звяртаўся таксама і да спаведнікоў з заклікам перадаваць людзям гэту міласэрнасць, бо яна з’яўляецца "сэрцам евангельскага паслання". “Ён жадае, каб Касцёл прадстаў прад светам як Маці і Настаўніца міласэрнасці, як “дом для ўсіх: самых моцных і слабых, грэшнікаў, абыякавых, хто адчувае сябе збянтэжаным ці згубленым”, - сказаў іерарх.

Менавіта споведзі прысвечаны ІV навуковы сімпозіўм, які праходзіць у Ватыкане 14-15 лістапада 2013 г. па ініцыятыве Апостальскай Пэнітэнцыярыі. У яго рамках спаведнікі, навукоўцы і тэолагі абмяркоўваюць эвалюцыю навучання і практычных аспектаў звязаных са здейсненнем сакрамэнту пакаяння. Тэма форума: “Пакаянне і Пэнітэнцыярыя паміж эпохамі Гуманізма і Адраджэння. Навучанне і практыка з XIV ст. да пачатку Новага часу (1300-1517)”.

Паводле рэгента Апостальскай Пэнітэнцыярыі, тэма сімпозіўма “не тычыцца мінулага, якога больш няма”, таму што “сакраментальная споведзь да сённяшняга застаецца жыватворным сокам Касцёла”. Біскуп Ныкель расказаў, што на працягу апошніх месяцаў спаведнікі адзначаюць павелічэнне колькасці людзей, якія прысутпаюць да сакрамэтну пакаяння ў рымскіх базыліках і касцёлах, асабліва па серадах і нядзелях, калі праходзяць вялікія сустрэчы з папам Францішкам на плошчы св. Пятра.







All the contents on this site are copyrighted ©.