2013-11-15 11:42:52

Агульнабеларуская сустрэча святароў: моц – у еднасці Касцёла


RealAudioMP3 Адчуць еднасць Касцёла і моц супольнай малітвы – у Мінску праходзіць Агульнабеларуская сустрэча святароў. Пастырскія спатканні ў дыяцэзіях адбываюцца кожны месяц, а форум у нацыянальным маштабе – другі па ліку. Бачыць адзін аднаго, чуць адзін аднаго, разам маліцца і разам вырашаць пытанні, якія сёння стаяць перад Касцёлам – сустрэча павінна прынесці як духоўныя, так і практычныя вынікі, і, магчыма, стаць традыцыйнай. Ідэя правесці Агульнабеларускую сустрэчу нарадзілася падчас Году святарства, тады і адбылася першая, а зараз, ужо ў канцы лістапада, завяршаецца Год веры. І тэма гэтай сустрэчы пераклікаецца з яго дэвізам – “Святло веры – святарская вернасць”.

Вернасць Богу, вернасць Касцёлу, вернасць сваёй пастве – на сустрэчы закранаюцца самыя розныя аспекты святарскага служэння: ад літургічных пытанняў да выклікаў новага часу, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Кожны час нясе новыя праблемы, гэта выклікі часу, на якія трэба адказваць: малая колькасць касцёлаў, справа паклікання да святарства і манаскага жыцця, пытанне мас-медыя, праблема сект і акультычных напрамкаў, якія прыходзяць у жыццё людзей і не абыходзяць католікаў. На гэта таксама трэба адказваць і мець вочы расплюшчанымі. Праблемы экуменізму, пытанне супрацоўніцтва з іншымі канфесіямі – у нас на добрым узроўні, але трэба гэта выкарыстоўваць”, -адзначыў іерарх.

У сталіцы, у Чырвоным касцёле, сабраліся больш за 200 святароў з усіх дыяцэзій Беларусі. Галоўныя тэмы абмяркоўваюць падчас круглых сталоў. Калі для Касцёла існуюць глабальныя пытанні, то ў кожнага святара – пробашча ці вікарыя, з абласнога цэнтра ці маленькай вёскі – свае задачы ў паўсядзённым жыцці і працы з парафіянамі, адзначыў кс. Алег Буткевіч, пробашч парафіі св. Антонія Падуанскага з Віцебску. “ У сітуацыі, калі Касцёл, можна так сказаць, яшчэ будуецца і адраджаецца, аднаўляе свае структуры, важным заданнем з’яўляецца не згубіць сваёй тоеснасці. А ў працы з людзьмі важна, каб Касцёл адпавядаў запатрабаванням чалавека сучаснага свету. Пытанняў сапраўды вельмі шмат і напэўна адным такім спатканнем іх нельга ахапіць і вырашыць. Але гэта сустрэча дапаможа ў гэтых важных пытаннях зрабіць крок наперад”, - лічыць святар.

Праца з моладдзю, душпастырства сем’яў, дапамога тым, хто жыве ў нястачы – малое кола дзейнасці кожнага святара. Але асабліва акцэнт сёння робіцца на супрацоўніцтве святароў са свецкімі людзьмі. Кс. Аляксандр Яшэўскі, настаяцель салезіянскай супольнасці ў горадзе Смаргонь, на Агульнабеларускай сустрэчы ўзначаліў размову на гэту тэму, каб яшчэ раз задумацца – дзеля каго існуе Касцёл. “Я бачу ў нашай сітуацыі гэту неабходнасць адкрывацца нам святарам на тое, што думаюць, што прапануюць нашы вернікі. Бывае вельмі часта мы вырашаем пытанні, выказваем нейкія дырэктывы, часам не ўлічваюцы іх голас. У нас ёсць парафіяльныя рады, камітэты, іншыя групы, на якія варта звярнуць увагу, таму што свецкія вернікі маюць шмат чаго добрага нам сказаць і шмат добрых прапаноў. Мне здаеца, гэта тэма вельмі актуальная”, - перакананы салезіянін.

Акрамя духоўнага імпульсу, новых ідэй і задач, вынікам Агульнабеларускай сустрэчы стане шэраг канкрэтных душпастырскіх прапаноў – можна сказаць кіраўніцтва да дзеяння. Яны будуць выкарыстаны для падрыхтоўкі душпастырскіх праграм на наступны год у кожнай дыязэзіі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.