2013-11-14 12:51:31

Святы Айцец здзейсніў афіцыйны візіт да Прэзідэнта Італіі


RealAudioMP3 14 лістапада 2014 г. папа Францішак наведаў Квірынальскі палац – рэзідэнцыю Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі Джорджыа Напалітана. Святы Айцец прыбыў сюды у рамках афіцыйнага візіту, каб сустрэцца з італьянскім палітыкам у адказ на яго візіт у Ватыкан 8 чэрвеня 2013 г. Гэта ўжо трэццяя сустрэча папы Францішка і Джорджыа Напалітана, але першы візіт, які носіць статус афіцыйнага. Звяртаючыся да прысутных, Святы Айцец адзначыў, што наведваючы “сімвалічны дом усіх італьянцаў”, хоча “пастукаць у дзьверы кожнага жыхара гэтай зямлі”, дзе знаходзяцца карані яго “зямной сям’і”, і “прапанаваць усім аздараўляючае і заўсёды новае слова Евангелля”. Гаворачы пра развіццё двухбаковых адносін паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай, Папа нагадаў, што “праз некалькі тыдняў” будзе адзначацца 30-годдзе Пагаднення аб пераглядзе канкардату, якое з’яўляецца моцнай нарматыўнай базай “для спакойнага развіцця адносін паміж дзяржавай і Касцёлам у Італіі” і “спрыяе штодзённаму супрацоўніцтву ў служэнні чалавеку”.

Паводле Францішка, пытанняў, якія маюць супольны інтарэс, шмат. Сярод іх праблемы, справакаваныя эканамічным крызісам, у першую чаргу, беспрацоўе. Пантыфік заклікаў “пашырыць намаганні для змякчэння яго наступстваў”.

Францішак узгадаў пра свае душпастрыскія візіты ў Італіі: на Лампедузу, Сардзінію і ў Асізі. “У гэтых месцах я дакрануўся да ранаў, ад якіх пакутуе сёння шмат людзей”, - адзначыў Пантыфік. Ён звярнуў увагу, што ў цэнтры сацыяльных цяжкасцяў знаходзіцца сям’я, якая, “прапануючы грамадству свае сілы, мае патрэбу ў тым, каб быць ацэненай, паважанай і абароненай”.

Святы Айцец пажадаў, каб Італія, абапіраючыся на “сваю багатую спадчыну грамадскіх і духоўных каштоўнасцяў, здолела нанова адкрыць крэатыўнасць і згоду, неабходныя для яе гарманічнага развіцця”. Пантыфік перакананы, што краіна можа зрабіць свой значны ўнёсак у супольнае дабро і абарону годнасці кожнага чалавека, у мір і справядлівасць у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.