2013-11-14 14:47:44

Мітрапаліт Іларыён: сустрэча з Папам – вялікі крок наперад


RealAudioMP3 Руская Праваслаўная Царква працуе над набліжэннем сустрэчы паміж Патрыярхам Маскоўскім і Папам, прызнаўся 14 лістапада 2013 г. італьянскай “La Repubblica” Мітрапаліт Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Іерарх знаходзіцца з візітам у Рыме, у рамках якога сустрэўся з папам Францішкам і прадстаўнікамі ватыканскіх дыкастэрый. Гаворачы пра перспектыву спаткання Пантыфіка і Патрыярха, Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што “гэта вялікі крок”, над здзяйсненнем якога вядзецца праца. Аднак, паводле яго, падчас размоў у Ватыкане, канкрэтная дата сустрэчы не абмяркоўвалася. “Над пратаколам стаіць змест. Затым з’явіцца дата”, - сказаў праваслаўны іерарх.

Журналісты італьянскага выдання нагадалі, што з боку іерарха выказвалася думка аб магчымасці правядзення сустрэчы на “нейтральнай” тэрыторыі. У сваю чаргу, Мітрапаліт не назваў канкрэтнага месца, адзначыўшы, што казаць аб гэтым яшчэ рана. “Мы пакуль не знаходзімся ў гэтым пункце. Паколькі сустрэча з’яўляецца важным момантам, мы хочам яе добра падрыхтаваць”, - сказаў ён і дадаў, што, у першую чаргу, неабходна вызначыцца з тэмамі, якія будуць абмяркоўвацца.

Сярод іх Мітрапаліт Іларыён назваў праблемы сям’і, якія ўжо абмярковаўліся прадстаўнікамі бакоў. “Таксама ёсць вялікая тэма, якая тычыцца абароны хрысціян у месцах, дзе яны падвяргаюцца пераследу, напрыклад, Блізкі Усход”, - адзначыў ён.

На думку Мітрапаліта Іларыёна, ініцыятыва папы Францішка, скіраваць ліст да Прэзідэнта Расіі з мэтай спыніць вайсковае ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт, мела “вялікі поспех”. “Мы павінны цалкам спыніць бойню хрысціян, там дзе радыкальныя ісламісцкія групоўкі спрабуюць іх знішчыць. На гэтыя тэмы я размаўляў пазаўчора з Папам”, - прызнаўся праваслаўны іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.