2013-11-09 10:06:16

“Бэтлеемскае святло міру” прыбудзе ў Беларусь


RealAudioMP3 Напярэданні святаў Божага Нараджэння ў Беларусь прыбудзе “Бэтлеемскае святло міру”. Акцыя, якую ажыццяўляюць беларускія скаўты – толькі ў Мінску для гэтага задзейнічана каля 50 чалавек – праходзіць у краіне штогод на працягу ўжо больш за 15 гадоў. З 2008 г. святло прыбывае ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, нагадала Вольга Гарашэвіч, кіраўнік скаўтак у Беларусі. “Гэта вельмі добрая традыцыя і сапраўды яе вельмі чакаюць, і мы яе чакаем, таму што для скаўтаў – гэта добрая магчымасць паслужыць. Чакаюць і святары, і парафіяне, таму што падчас гэтай акцыі мы можам падзяліцца адзін з адным гэтым святлом, гэтай надзеяй, гэтай любоўю. Таксама гэта добрая магчымасць прынесці агонь у свае сем’і, у свае дамы, каб падзяліцца з роднымі і блізкімі”, - сказала адна з арганізатараў акцыі.

Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены – туды яе з Бэтлеема, з Грота Нараджэння Езуса Хрыста, дастаўляюць самалётам – потым Чэхія, Польшча, беларуская мяжа, у Гродна агонь прыбудзе 20 снежня, а ў Мінск – 21 снежня.

Шлях далёкі, але пераадольваюць яго скаўты лёгка. У дарозе можа адбыцца ўсякае, але агонь не павінен згаснуць ні пры якіх умовах – гэта галоўнае патрабаванне ад тых, хто яго суправаджае, падзялілася Вольга Гарашэвіч. “Патрэбны асаблівыя прылады, якія дазваляюць перавозіць агонь. А таксама наша чуласць да агня – гэта вельмі важна, каб ён не згас. Агонь перадаецца ад агню: аўстрыйскія скаўты забіраюць яго з базылікі Нараджэння ў Бэтлееме, а потым далей. І вельмі важна, каб ён не згас, бо прыйдзецца вяртацца назад і везці яго зноў”, - сказала яна.

Сёлета “Бэтлеемскае святло міру” уручаць і папе Францішку. Гэта адбудзецца ў Ватыкане 18 снежня 2013 г. Святы Айцец пагадзіўся прыняць сімвал Божага Нараджэння па прыкладу сваіх папярэднікаў, бо Бэнэдыкт XVI і Ян Павел II некалькі разоў віталі яго ў Ватыкане. “Бэтлеемскае святло” упершыню было запалена ў 1986 г. па ініцыятыве тэлерадыёкампаніі Верхняй Аўстрыі. Сёння яно прыбывае ў больш за 30 краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Агонь – сімвал нованароджанага Езуса, таму трэба паспець аккурат да Божага Нараджэння – кажуць скаўты. У гэтым годзе, спадзяюцца, як і ў мінулыя, усё пойдзе па плану. Падвесці тых, хто чакае – нельга, бо ўсё больш і больш вернікаў з кожным годам прыходзіць сустрэць святыню.

Адносіцца да агню як да нейкай містычнай з’явы – памылка. Бэтлеемская святыня мае нашмат больш глыбокі, духоўны сэнс, падкрэсліла Вольга Гарашэвіч. “Для хрысціяніна – гэта сімвал гарачага сэрца, гэта сапраўды сімвал нашай гарачай любові, сімвал нашай гарачай веры, які мы нясем у нашых сэрцах і якой мы павінны дзяліцца адно з адным. Таму гэта вельмі добрая святочная традыцыя, цёплая”, - лічыць скаўцкі лідэр.

Мінск – не канчатковы пункт падарожжа “Бэтлеемскага святла” у Беларусі. Далей агонь передадуць у шматлікія парафіі па ўсёй краіне. “Нашы скаўты з ішных рэгіёнаў – такіх як: Гомель, Віцебск, Лынтупы, Паставы, Барысаў, Івянец – забіраюць агонь і завозяць у свае парафіі, а таксама ў парафіі па дарозе, у якія могуць заехаць”, - прызналася Вольга.

Па традыцыі, у мінскім архікатэдральным касцёле сустракае святыню арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Скаўты спадзяюцца, што прыбыццё “Бэтлеемскага святла міру” дапаможа яшчэ глыбей адчуць радасць Божага Нараджэння і прынесці святло нованароджанага Езуса ў кожны дом.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.