2013-11-09 10:44:53

Член Рады кардыналаў пра сваю місію бараніць і тлумачыць Папу


RealAudioMP3 Аўстралійскі кардынал Джордж Пэл, адзін з васьмі пурпуратаў, уключаных у Раду для дапамогі Папе ў кіраванні Касцёлам, расказаў аб сваіх уражаннях ад гістарычнай сустрэчы гэтага новастворанага органу 1-3 кастрычніка 2013 г. Ён лічыць, што такім чынам выконвае сваю місію “бараніць і тлумачыць Святога Айца”, каб падтрымаць яго служэнне. Інтэрв’ю, узятае ў іерарха яшчэ 17 кастрычніка, апублікавала інтэрнэт-выданне “Vatican insider”.

Кардынал прызнаўся, што падчас сустрэчы Рады кардыналаў у кастрычніку “Папа казаў не шмат”, бо “ён вельмі добры слухач”. Ён папрасіў, каб іерархі размаўлялі свабодна. Па словах кардынала Пэла, Рада не марнавала час, а абмеркаванні былі карыснымі і істотнымі. “Я думаю, што ўсё гэта прынясе ў доўгатэрміновай перспектыве карысць Касцёлу”, - сказаў ён і дадаў, што трэба адкрыта казаць пра кіраванне Паўсюдным Касцёлам і рэформу Рымскай курыі. Наступнымі вострымі тэмамі, на яго думку, стануць пытанні сужэнства і сямейнага жыцця.

Арцыбіскуп Сіднэйскі паведаміў, што Рада кардыналаў будзе сустракацца “кожныя два месяцы, па меншай меры да сярэдзіны наступнага года”. “Ні для каго не сакрэт, што кардыналы на сустрэчах перад канклавам выказвалі жаданне значнага паляпшэння ў жыцці Рымскай курыі, і я веру, што папа Францішак цалкам адданы гэтаму”, - сказаў іерарх.

Кардынал Пэл перакананы, што і праблемы, звязаныя з ватыканскімі фінансамі могуць быць вырашаны ў бліжэйшы час, бо ўжо дасягнуты значны прагрэс у гэтым пытанні.

Святы Айцец прысвяціў наступны Сінод Біскупаў душпастырскім праблемам сям’і паколькі сітуацыя вакол гэтага пытання склалася “зусім неверагодная”, сказаў іерарх. Паколькі, чым больш пагаршаецца сітуацыя сужэнства і сям’і, “тым больш падрываюцца асновы для росквіту чалавека ў грамадстве”.

Кардынал пракаментаваў нападкі біскупа Бернара Фэле, генеральнага настаяцеля Брацтва св. Пія X, на папу Францішка. Лідэр традыцыяналістаў сцвердзіў, што Пантыфік – “сапраўдны мадэрніст”. “Мякка кажучы, я думаю, што гэта абсалютная лухта!”, - сказаў кардынал Пэл, бо Францішак – гэта “дакладны выканаўца навучання Хрыста і традыцыі Касцёла”. На думку іерарха, меркаванне традыцыяналістаў – гэта “гіганцкае скажэнне”.

Пасля дзён сустрэчы з папам Францішкам склалася ўражанне, што ён “вельмі добры чалавек”, “чалавек, які практыкуе тое, што абвяшчае”, прызнаўся кардынал Пэл і дадаў, што Святы Айцец “у стане зрабіць глыбокі і карысны ўклад у жыццё Касцёла”.







All the contents on this site are copyrighted ©.