Кароткая гамілія папы
Францішка падчас ранішняй св. Імшы 9 лістапада 2013 г. у капліцы Дому св. Марты была
прысвечана сэнсу свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі. Святы Айцец адзначыў,
што сённяшняе свята з’яўляецца святам горада Рыма, Касцёла Рыма і Паўсюднага Касцёла.
Латэранская базыліка, па сутнасці, з’яўляецца катэдрай Рыма і “Маці ўсіх касцёлаў
Горада і Свету”. У літургічных чытаннях Папа заўважыў “тры вобразы”, якія адлюстроўваюць
сутнасць Касцёла. У першым чытанні, з кнігі Эзэхіэля, і 45-м Псальме, паўстае вобраз
рачной вады, якая цячэ з-пад парога святыні і весяляць горад Божы. Гэта вобраз ласкі,
якая падтрымлівае і сілкуе жыццё Касцёла, заўважыў Пантыфік. У другім чытанні, з Паслання
апостала Паўла да Карынцянаў, гаворыцца пра вобраз падмурку, якім з’яўляецца Езус
Хрыстус, фундамент, на якім пабудаваны Касцёл.
Евангелле аб ачышчэнні святыні
ад гандляроў – гэта вобраз рэформы Касцёла – “Ecclesia semper reformanda”, заўважыў
Пантыфік і дадаў, што Касцёл павінен пастаянна змяняцца да лепшага, бо яго члены –
гэта грэшнікі, якім патрэбна навяртанне.
Францішак заклікаў вернікаў маліцца,
каб Касцёл заўсёды быў крыніцай патоку ласкі, што выцякае з-пад падмурку, якім з’яўляецца
Хрыстус, каб даваў вернікам магчымасць пастаянна навяртацца да Езуса.
На пачатку
IV ст. Рым пачаў змяняць свой традыцыйны архітэктурны выгляд дзякуючы імператару Канстанціну
і будаўнічай дзейнасці, якой ён спрыяў. Па яго ініцыятыве была пабудавана базыліка
св. Яна на Латэране з баптыстэрыем і палацам, які стаў рэзідэнцыяй біскупаў Рыма.
Базыліка св. Яна на Латэране – Рымская катэдра – гэта Маці ўсіх касцёлаў у свеце.
Яна стала сімвалам веры хрысціян першых стагоддзяў, якія адчувалі патрэбу ў тым, каб
аб’яднацца ў адным супольным месцы для цэлебрацыі Божага слова і святых сакрамэнтаў.
Сённяшняе літургічнае свята – гэта свята ўсіх касцёлаў у свеце. Яго адзначэнне ва
ўсім Каталіцкім Касцёле сведчыць аб адзінстве і любові вернікаў да Пантыфіка.