У Вене пройдзе форум аб мучаніках камуністычнага рэжыму
Прэфект Кангрэгацыі
па справах Усходніх Касцёлаў, кардынал Леанарда Сандры прыме ўдзел у буйной міжнароднай
канферэнцыі, прысвечанай мучанікам камунічтычнага рэжыму з Усходніх Цэркваў. Форум
пройдзе ў Вене 9 лістапада 2013 г. на тэму “Што значыць быць хрысціянінам сёння? З
досведу мучаніцтва Усходніх Цэркваў”. Удзел у канферэнцыі прымуць шматлікія іерархі
і святары Усходніх Каталіцкіх Цэркваў з Аўстрыі, Украіны, Славакіі, Румыніі, Арменіі
і Расіі. Удзельнікі будуць размаўляць таксама на тэму пакут Армянскай Апостальскай
Царквы падчас генацыду 1915 года з боку Асманскай імперыі, калі было забіта 1,5 млн.
армян.
Сапраўднасць рэлігійнага досведу і практыкавання веры Усходніх Цэркваў
праз прыклад мучанікаў ХХ ст. уражвае, напісаў у сваім звароце з нагоды канферэнцыі
арцыбіскуп Венскі, кардынал Крыстаф Шонборн. Найбольшым смуткам гэтага стагоддзя,
паводле іерарха, было падаўленне Богам дадзенай свабоды і чалавечай годнасці з боку
ідэалагічных таталітарных сістэм. Іерарх лічыць, што сёння асабліва важна не забывацца
пра тыя часы, паколькі сучасныя радыкальныя спажывальніцтва і матэрыялізм часта перарастаюць
у сітуацыі, калі чалавечае жыццё не цэніцца, а святасць асобы паддаецца сумніву. Мучанікі
Усходніх Цэркваў могуць натхніць да будавання сапраўднай будучыні Еўропы, лічыць кардынал,
які з’яўляецца Ардынарыем для католікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі. Ён перакананы,
што канферэнцыя з’яўляецца “знакам надзеі на плённы дыялог паміж Усходняй і Заходняй
Цэрквамі”.