2013-11-08 13:21:28

Папа нагадаў касцёльным суддзям пра ролю абаронцы сужэнскай повязі


RealAudioMP3 8 лістапада 2013 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры – галоўнага судовага органа Каталіцкага Касцёла. У сваім звароце ён засяродзіўся на ролі абаронцы сужэнскай повязі – які выконвае важную функцыю падчас працэсу па прызнанні несапраўднасці сужэнства. Святы Айцец нагадаў, што эфектыўнае выкананне абаронцам яго заданняў вядзе да асягнення ў касцёльным судовым працэсе праўды, што спрыяе ў канчатковым выніку душпастырскай карысці вернікаў. Францішак падкрэсліў, што для добрага выканання свайго служэння абаронца сужэнскай повязі “не можа абмяжоўвацца ні паспешным чытаннем актаў, ні бюракратычнымі і агульнымі адказамі”. “У сваім далікатным заданні ён пакліканы ўзняць спробы гарманізаваць прадпісанні Кодэкса кананічнага права з канкрэтнымі сітуацыямі Касцёла і грамадства”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што вернае і поўнае выкананне задання абаронцы повязі не павінна разглядацца, як неспрыяльнае ў адносінах да дзейнасці суддзі, нават калі абаронца падае апеляцыю ў Трыбунал Рымскай Роты. “Суддзі, у дакладнай працы тых, хто абараняе сужэнскую повязь, могуць знайсці дапамогу для ўласнай дзейнасці”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што “ІІ Ватыканскі Сабор акрэсліў Касцёл, як супольнасць”, таму служэнне абаронцы сужэнскай повязі павінна разглядацца менавіта ў гэтай перспектыве.

Звяртаючыся да касцёльных суддзяў, Францішак заклікаў іх заўсёды ўсведамляць сувязь паміж Касцёлам, які евангелізуе, і Касцёлам, які здзяйсняе справядлівасць. “Служэнне справядлівасці – гэта абавязак апостальскага жыцця”, - адзначыў Святы Айцец, але не можна забывацца, дадаў ён, што рэалізваць яго трэба ўглядаючыся ў вобраз Добрага Пастыра, які пахіляецца над згубленай і параненай авечкай.








All the contents on this site are copyrighted ©.